Ці толькі жанчыны пляткараць?
PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak
05.07.2014 09:28
Акрамя таго, здаецца, ніводная жанчына, апрача кандыдатак на званьне міс, так не цікавіцца сваім целам і ягонымі некаторымі часткамі, як польскія палітыкі
Выданьне
Wprost усё яшчэ займаецца скандалам, зьвязаным з падслухоўваньнем і запісваньнем у рэстаранах размоваў дзяржаўных чыноўнікаў і палітыкаў. Камэнтар на гэты конт зьмяшчае ў выданьні філёзаф, адмысловец па этыцы Магдалена Сьрода. Як кажуць – калі дасягаем посьпеху, становімся лянівымі, а калі церпім паразу, гэта нас узмацняе. Грамадзянская плятформа выйшла з гэтай афёры мацнейшай, дзяржаве скандал не пашкодзіў. Дарэчы, ёй нічога ня шкодзіць, ні страшныя расейцы, ні афіцыянты з мікрафонамі. А тэзісы, што падслухоўваньне наладзілі расейцы, каб пашкодзіць плянам міністра МУС, такія ж абсурдныя, як тое, што катастрофу ў Смаленску выклікалі расейцы, паколькі палітыка Леха Качыньскага пагражала іх інтарэсам.
Але можна зрабіць некалькі высноваў: першая – пра тонкасьць мяжы паміж тым, што прыватнае і тым, што публічнае. Другая - палітыкі павінны памятаць, што ў іх асаблівая роля, іх праца не заканчваецца толькі на выступленьнях у СМІ. Трэцяя выснова – пераадоленьне стэрэатыпаў, што пляткараць толькі жанчыны, а мужчыны рацыянальныя і думаюць пра важныя справы. Аказалася, што гэта зусім ня так. Акрамя таго, здаецца, ніводная жанчына, апрача кандыдатак на званьне міс, так не цікавіцца сваім целам і ягонымі некаторымі часткамі, як польскія палітыкі, якія абмяркоўваюць даўжыню сваіх ды чужых чалесаў.