Стала вядома, як будзе выглядаць помнік Пілецкаму ў Варшаве
PR dla Zagranicy
Dzmitry Hurnievic
06.12.2014 12:59
Конкурс на помнік ратмістру Вітальду Пілецкаму выйграў праект "Morfenes".
foto: PAP/Radek Pietruszka
Аўтары пераможнага праекта – Яцак Кіціньскі й Рафал Стаховіц з Семяновіч Сьлёнскіх. Варшаўская мэрыя ўжо абвесьціла, што помнік установяць у сталічным раёне Жалібаж, дзе Пілецкага арыштавалі падчас ІІ сусьветнай вайны й выслалі ў Асьвенцым.
Пераможцы конкурсу атрымаюць узнагароду ў памеры 60 тысяч злотых.
Усе праекты дасланыя на конкурс помніка Вітальду Пілецкаму можна будзе пабачыць на выставе ў Палацы культуры й навукі. Экспазыцыя будзе адчыненая 10 сьнежня.
Вітальд Пілецкі праславіўся тым, што дабравольцам адправіўся ў канцлягер Auschwitz, каб стварыць там падпольную арганізацыю. Ён першы перадаў на волю інфармацыю аб нацысцкіх злачынствах у канцлягеры, аказваў дапамогу вязьням, арганізаваў некалькі ўцёкаў. Пасьля таго, як Вітальд Пілецкі сам уцёк з канцлягеру, ён змагаўся ў Варшаўскім паўстаньні. Пасьля вайны ротмістар быў арыштаваны камуністычнымі ўладамі й расстраляны.
Жыцьцё Пілецкага цесна зьвязана зь Беларусьсю. Перад вайной ён жыў у маёнтку Сукурчы пад Лідай. Тут нарадзіліся яго дзеці. На жаль, сёньня ад маёнтку Пілецкіх не засталося нават сьлядоў.
дг
tags: