Становішча польскіх перавозчыкаў драматычнае
PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna
02.06.2015 14:09
Яны скардзяцца на адсутнасьць падтрымкі з боку ўладаў.
Фота: PAP
Становішча польскіх перавозчыкаў па-ранейшаму драматычнае, а польскі ўрад ня робіць нічога, каб ім дапамагчы - лічаць прадстаўнікі транспартнай галіны.
Як распавёў у радыё „RDC” уладальнік аднаго з транспартных прадпрыемстваў з Седльцаў, вынікаў не далі ні пратэсты прадпрымальнікаў, ні перамовы з уладамі.
Апрача больш рашучай рэакцыі польскага боку на нямецкія правілы адносна мінімальнай заработнай платы, перавозчыкі чакаюць ад ураду таксама больш эфэктыўнай аховы польскага транспартнага рынку.
Вальдэмар Яшчур адзначыў, што ў Польшчы няма эфэктыўнага кантролю за тым, ці замежныя перавозчыкі маюць адпаведныя дазволы. Гэтым займаецца выключна Інспэкцыя дарожнага транспарту. Аднак, паводле перавозчыка, гэткія паўнамоцтвы павінны мець таксама іншыя польскія службы, напрыклад, паліцыя, памежнікі ці мытнікі.
Вальдэмар Яшчур: Калі б усе гэтыя службы мабілізавалі свае дзеяньні, я гарантую, што сытуацыя палепшылася б неадкладна. Замежны перавозчык ня ўехаў бы на тэрыторыю Польшчы без адпаведнага дазволу ведаючы, якія санкцыі яму за гэта пагражаюць. Такім чынам было б больш грузу для польскіх перавозчыкаў, зразумела, за адпаведную стаўку.
Прадпрымальнік спадзяецца, што ў абарону польскіх перавозчыкаў выступіць новы прэзыдэнт Польшчы, які сустрэўся зь імі ў час выбарчай кампаніі. Вальдэмар Яшчур спадзяецца таксама, што падчас выбарчай кампаніі перад парлямэнцкімі выбарамі пра транспартныя кампаніі прыгадае сабе і ўрад.
Нагадаем, Польшча зьяўляецца лідарам у грузавых аўтамабільных перавозках у Эўропе. Флот польскіх перавозчыкаў налічвае больш за 150 тысяч аўтамабіляў.
аз