Амбасадар РФ усклаў кветкі да дэмантаванага помніка Чэрняхоўскаму
PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna
14.02.2016 21:17
Расейцы плянуюць надалей ушаноўваць памяць аб савецкім генэрале ў гэтым месцы.
Photo: PAP/Tomasz Waszczuk
Амбасадар Расеі Сяргей Андрэеў усклаў кветкі ў гарадку Пяненжна (поль. Pieniężno) у Вармінска-Мазурскім ваяводзтве ў месцы, дзе да верасьня мінулага году стаяў помнік савецкаму генэралу Івану Чэрняхоўскаму.
Расейцы прыехалі, хоць помнік ужо часткова дэмантаваны, а пляцоўка была абгароджаная. Перад драўлянымі варотамі, на месцы зносу помніка, расейская дэлегацыя ўсклала кветкі. Расейцы прынесьлі з сабой партрэт генэрала.
У нядзелю мінае 71-я гадавіна з дня яго сьмерці.
У мерапрыемстве ўдзельнічалі пасол Расеі Сяргей Андрэеў і іншыя прадстаўнікі дыпляматычных службаў Расейскай Фэдэрацыі ў Польшчы, афіцыйная дэлегацыя з Калінінградзкай вобласьці й група журналістаў з Расеі.
Былі таксама са сьцягам прадстаўнікі Асацыяцыі нашчадкаў польскіх камбатантаў Другой сусьветнай вайны (поль. Stowarzyszenie Spadkobierców Polskich Kombatantów II Wojny Światowej) й група людзей з банэрам „Рух сувэрэнітэту польскай нацыі”.
Яшчэ не было вырашана, куды будзе перададзены бюст Чэрняхоўскага. Мэр горада зьбіраўся перадаць яго расейскай амбасадзе, але не атрымаў ніякага адказу на гэтую прапанову.
Пасол Андрэеў паведаміў журналістам, што хоць з помніка амаль нічога не засталося, то для расейцаў Пяненжна заўсёды будзе зьвязанае з Чэрняхоўскім, таму што менавіта тут ён быў сьмяротна паранены. Таму - як заявіў амбасадар - расейцы надалей будуць ушаноўваць памяць аб ім у гэтым месцы.
Нагадаем, генэрал Іван Чэрняхоўскі прыняў удзел у ліквідацыі структур Арміі Краёвай у Віленскай вобласьці.
аз