Logo Polskiego Radia
Print

Створаная Польская горназдабыўная кампанія

PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna 26.04.2016 15:44
Гэта чарговая спроба выратаваньня горнай прамысловасьці ў Польшчы.
Photo: lukaszdylka/pixabay.com/CC0 Public Domain

Сёньня ў горадзе Катавіцэ была заключаная дамова па стварэньні Польскай горназдабыўной кампаніі (поль. Polska Grupa Górnicza), якая замяніць існуючую да гэтай пары Вугальную кампанію (пол. Kompania Weglowa). Гэта чарговая спроба выратаваньня горнай прамысловасьці ў Польшчы.

Дакумэнт у прысутнасьці прэм'ер-міністра Бэаты Шыдла падпісалі прадстаўнікі прафсаюзаў, управа Вугальнай кампаніі, банкіры, а таксама энэргетычныя кампаніі, якія плянуюць інвэставаць у новае горназдабываючае прадпрыемства больш за 342,5 мільёна эўра (1,5 млрд злотых).

Паводле прадстаўніка кіроўнай парты „Права й справядлівасьць” Войцеха Шарамы (пол. Wojciech Szarama), першай задачай новай кампаніі будзе пошук новых рынкаў збыту для польскага вугалю.

Войцех Шарама: Гэтай галіне неабходная рэструктурызацыя. Спадзяемся, што ў выніку сёньняшняга паразуменьня адбудзецца падзеньне коштаў здабычы й польскі вугаль, асабліва высокаякасны, знойдзе сваіх пакупнікоў. Аднак дзеля гэтага неабходная актыўная экспартная палітыка.

Польская горназдабыўная кампанія прымае даўгі Вугальнай кампаніі, якія ацэньваюцца на амаль 1 мільярд 600 мільёнаў эўра. Такім чынам, новая фірма будзе прымушана справіцца з абавязкамі ў адносінах крэдытораў.

Пагадненьне аб стварэньні Польскай горназдабыўной кампаніі прадугледжвае таксама ліквідацыю часткі прывілеяў шахцёраў. Напрыклад, у 2016-2017 гадах яны не атрымаюць гэтак званай чатырнаццатай зарплаты. Акрамя таго, адбудзецца аб’яднаньне большасьці шахтаў, якія да гэтай пары ўваходзілі ў склад Вугальнай кампаніі. Чакаецца, што Польская горназдабыўная кампанія пачне працу з 1 траўня.

аз

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт