Сэйм Польшчы ня будзе працаваць над законам аб поўнай забароне абортаў
PR dla Zagranicy
Alena Vialichka
06.10.2016 13:02
Дэпутаты адхілілі праект камітэту «Стоп абортам», які таксама прадугледжваў крымінальную адказнасьць за аборт.
PAP/Paweł Supernak
Сэйм Польшчы ня будзе працаваць над грамадзянскім праектам аб поўнай абароне жыцьця. Дэпутаты падтрымалі пазыцыю сэймавай камісіі справядлівасьці, якая ўчора выказалася за адхіленьне праекту камітэту «Стоп абортам». Праект прадугледжваў поўную забарону абортаў у краіне. У ім таксама была прадугледжана крымінальная адказнасьць для кожнага, хто прычыніцца да сьмерці зачатага дзіцяці, таксама для маці.
Напярэдадні галасаваньня ў Сэйме прадстаўніца камітэту «Стоп абортам» хацела ўнесьці зьмены ў дакумэнт і выкрасьліць пакараньне жанчыны за аборт. Аднак гэтага не ўдалося зрабіць.
За адхіленьне законапраекту прагаласавала 352 дэпутаты, 58 былі супраць, а 18 стрымаліся.
Прапановы поўнай забароны абортаў у Польшчы выклікалі апошнімі днямі шматтысячныя пратэсты. Між іншым, у панядзелак адбыўся агульнапольскі страйк жанчын.
У цяперашні момант у краіне аборты дазволеныя ў трох выпадках. Першы, калі цяжарнасьць зьяўляецца вынікам гвалту. Другі – калі цяжарнасьць уяўляе сабой пагрозу жыцьцю маці. І трэці – калі плод мае пацьверджаную невылечную хваробу.
ав