Logo Polskiego Radia
Print

Польшча ратыфікавала пагадненьне з Парыжа

PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna 11.10.2016 13:14
Паводле ААН, да гэтай пары дакумэнт ратыфікавалі 74 краіны.
Photo: PAP/Radek Pietruszka

Польшча ратыфікавала кліматычнае пагадненьне з Парыжа. Пасьля таго, як яго зацьвердзіў парлямэнт і падпісаў прэзыдэнт, дакумэнт аб ратыфікацыі быў перададзены ў сядзібу Арганізацыі Аб'яднаных Нацый у Нью-Ёрку.

Міністар аховы навакольнага асяродзьдзя Ян Шышка (Jan Szyszko) адзначыў, што Польшча будзе ажыцьцяўляць пагадненьне шляхам, між іншым, паглынаньня СО2 лясамі, а таксама за кошт выкарыстаньня сучасных тэхналёгій.

Ян Шышка: Мы будзем выкарыстоўваць найбольш сучасныя тэхналёгіі падчас будаўніцтва новых энэргаблёкаў, якія працуюць на каменным вугалі. Гэта нам гарантуе паразуменьне з Парыжа й з гэтым павінен пагадзіцца таксама Эўразьвяз.

Намесьнік міністра навакольнага асяродзьдзя і ўпаўнаважаны ўрада па справах клімату Павел Салэк (Paweł Sałek) нагадаў, што на працягу некалькіх месяцаў польскі бок праводзіць перамовы з Эўразьвязам аб скарачэньні выкіду вуглякіслага газу.

Павел Салэк: Пасьля таго, як Польшча й Эўразьвяз ратыфікавалі кліматычнае паразуменьне з Парыжа нашай мэтай зьяўляецца ўключэньне ў вельмі амбітную кліматычную палітыку Эўразьвязу таго, што заключае паразуменьне з Парыжа. Нагадаю, што пытаньні добраахвотнасьці й свабоды ў энэргасыравіннай палітыцы для Польшчы вельмі важныя.

Пагадненьне з Парыжа - гэта вынік глябальнага кліматычнага саміту COP21, які адбыўся ў сьнежні 2015 году ў Парыжы.

Паводле інфармацыі, зьмешчанай на сайце ААН, дакумэнт з Парыжа да гэтай пары ратыфікавалі 74 краіны, якія нясуць адказнасьць за амаль 60% глябальных выкідаў парніковых газаў.

Парыскае пагадненьне павінна ўступіць у сілу 4 лістапада, то бок за некалькі дзён да кліматычнага саміту ў Марока.

аз

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт