Logo Polskiego Radia
Print

Польшча робіць стаўку на касьмічныя тэхналёгіі

PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna 20.01.2017 08:17
Касьмічны рынак у краіне ацэньваецца на 10 млрд злотых.
здымак мае ілюстрацыйны характарздымак мае ілюстрацыйны характарPhoto: pixabay.com

Урад Польшчы ўхваліў праект Польскай касьмічнай стратэгіі. Паводле ўладаў Польшчы, касьмічная галіна можа быць адной з асноваў сучаснай эканомікі краіны.

Рынак у краіне ацэньваецца на амаль 10 млрд злотых (больш за 2 мільярды 288 мільёнаў эўра), але калі ўзяць пад увагу выключна «чысты» касьмічны бізнэс, то атрымліваецца значна менш.

„Сярэдні гадавы абарот галіны ацэньваецца ў 100 мільёнаў злотых (больш за 22 мільёны 883 тысячы эўра)”, - кажа віцэ-дырэктар Упраўленьня разьвіцьця й інавацый Агенцтва прамысловага разьвіцьця Павел Пацэк (Paweł Pacek).

У Польшчы дзейнічае каля 100 кампаній па вытворчасьці касьмічнай тэхнікі. У папярэднія гады гэты сэгмэнт эканомікі разьвіваўся ў асноўным у навуковых установах і рознага тыпу арганізацыях.

„Пра касьмічны бізнэс мы можам казаць толькі з 2013 году, то бок з моманту ўступленьня Польшчы ў Эўрапейскае касьмічнае агенцтва”, - кажа Павел Пацэк. Паводле яго, Польшча паставіла мэту: да 2030 году заняць 3% эўрапейскага касьмічнага рынку. Гэта амбіцыёзны плян, асабліва калі зірнуць на ўзровень выдаткаў на разьвіцьцё гэтай галіны ў іншых краінах.

Экспэрты падкрэсьліваюць, што кампаніі па вытворчасьці касьмічнай тэхнікі ня маюць лёгкай задачы. Хоць рэнтабэльнасьць інвэстыцый наогул высокая, то яна патрабуе цярпеньня. Праблемай можа быць нават атрыманьне крэдыту.

Менавіта таму ўлады вырашылі запусьціць для кампаніяў па вытворчасьці касьмічных тэхналёгіяў крэдытную лінію ў памеры 10 мільёнаў злотых (больш за 2 мільёны 288 тысяч эўра).

PAP/аз

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт