Logo Polskiego Radia
Print

Празьмерная хуткасьць нават для міністраў можа закончыцца дрэнна

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 27.01.2017 17:39
Міністар нацыянальнай абароны Польшчы Антоні Мацярэвіч трапіў у аварыю.
Міністар нацыянальнай абароны Польшчы Антоні Мацярэвіч.Міністар нацыянальнай абароны Польшчы Антоні Мацярэвіч.Photo: youtube.com

Вядома, што палітыкі, асабліва міністры, – вельмі занятыя людзі, яны пастаянна сьпяшаюцца з адной сустрэчу на іншую. І таму як правіла езьдзяць вельмі хутка, што ў спалучэньні з адсутнасьцю ўяўленьня пра небясьпеку часам заканчваецца дрэнна. Гэтак выданьне «Polska The Times» піша пра ўчарашняе дарожна-транспартнае здарэньне, у якім удзельнічала калёна аўтамашын з лімузынам міністра нацыянальнай абароны Антоні Мацярэвіча.

Менш, чым год таму выпадак здарыўся ў машыне, на якой ехаў прэзыдэнт Анджэй Дуда – трэснула шына, калі аўтамабіль імчаўся па аўтастрадзе. Дуда не пацярпеў. Аказалася, што аўтамабіль меў старыя шыны, якія былі ўзятыя са складу частак, выведзеных з эксплёатацыі. Цяпер зноў выпадак. Сьведкі здарэньня кажуць, што калёна ўрадавых машын ехала з празьмернай хуткасьцю, першы аўтамабіль ня здолеў затармазіць на чырвоным сьвятле і ўрэзаўся ў машыны, якія спыніліся перад ім. Міністар Мацярэвіч не пацярпеў, пасьля ДТЗ ён перасеў у іншую машыну і пасьпеў даехаць з Торуні ў Варшаву на ўручэньне Яраславу Качыньскаму тытулу «Чалавека свабоды» тыднёвіка «WSieci».

Апазыцыя пратэстуе супраць парушэньня правілаў дарожнага руху палітыкамі ўрадавай партыі. Дэпутат «Грамадзянскай плятформы» Кшыштаф Брэйза зьвярнуўся ў інтэрнэце з пытаньнем пра хуткасьць, з якой рухалася калёна і што быццам бы Мацярэвіч хваліўся вельмі хуткім праездам з Варшавы ў Торунь.

Схільнасьць міністра Мацярэвіча да хуткай язды вядомая даўно. СМІ пісалі пра выпадкі, калі яго аўто значна перавышала дазволеную хуткасьць. Нядаўна ў краіне былі прынятыя больш жорсткія законы аб пакараньні за перавышэньне хуткасьці. Палітыкі маюць імунітэт і як правіла ня плацяць штрафаў. Аднак ад палітыка, які так шмат гаворыць пра парушэньні, якія зьдзейсьніў папярэдні ўрад, трэба патрабаваць большага.

Polska The Times/нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт