Новыя шакуючыя знаходкі ў трунах ахвяраў Смаленскай катастрофы
PR dla Zagranicy
Alaksandar Papko
01.06.2017 12:21
У труне 22-гадовай сьцюардэсы Натальлі Янушкі знайшлі фрагмэнты целаў пяці іншых людзей.
Сьцюардэса Натальля Янушка, якая загінула ў Смаленскай авіякатастрофе. Фота: Łukasz Lissowskiwikimedia commons/Łukasz Lissowski/CC BY 3.0
Польскія экспэрты знайшлі чарговыя прыклады халатнасьці расейскіх патолягаанатамаў і сьледчых, якія займаліся ідэнтыфікацыяй целаў ахвяраў Смаленскай авіякатастрофы й адпраўкай парэшткаў на радзіму. Як паведамляе газэта Super Express, у труне самай маладой ахвяры крушэньня лайнэра прэзыдэнта Польшчы, 22-гадовай сьцюардэсы Натальлі Янушкі, знайшлі фрагмэнты целаў пяці іншых людзей.
Гэта ня першая шакуючая знаходка польскіх сьледчых, якія займаюцца эксгумацыяй целаў ахвяраў Смаленскай авіякатастрофы. Часткі целаў адразу некалькіх людзей знайшлі ў трунах генэралаў Браніслава Квяткоўскага, Уладзімежа Патасіньскага, а таксама дэпутаткі Аляксандры Наталі-Сьвят.
У труне палявога біскупа Войска Польскага каталіцкага сьвятара Тадэвуша Плоскага ляжала толькі палова яго цела. Другая палова была знойдзена ў труне праваслаўнага сьвятара Мірона Хадакоўскага.
Ідэнтыфікацыяй целаў ахвяраў катастрофы авіялайнэра прэзыдэнта Польшчы Леха Качыньнскага, які разьбіўся ў красавіку 2010 году пад Смаленскам, займаліся рсейскія экспэрты. Труны, прысланыя са Смаленска, у Польшчы не ўскрывалі. Улады Польшчы пачалі эксгумацыю целаў пасьля таго, як у іх узьніклі падазрэньні ў нядобрасумленнасьці расейскіх службаў.
На дадзены момант вядома, што восем чалавек былі пахаваныя не ў сваіх магілах, а ў васьмі трунах знаходзіліся фрагмэнты целаў адразу некалькіх людзей. Усяго плянуецца эксгумаваць целы 83 чалавек.
IAR/ап