А. Дуда спадзяецца падтрымкі каталікоў у дыскусіі аб зьмене канстытуцыі
PR dla Zagranicy
Alaksandar Papko
07.10.2017 16:30
З прапановай зьмяніць асноўны закон краіны польскі прэзыдэнт выступае са жніўня гэтага году.
фотa: www.polskieradio.pl
З просьбай актыўна ўдзельнічаць у агульнанацыянальнай дыскусіі аб зьмене канстытуцыі прэзыдэнт Польшчы Анджэй Дуда зьвярнуўся да ўдзельнікаў традыцыйнай пілігрымкі польскіх юрыстаў у санктуарый у градзе Чэнстахова. Паломніцтва вернікаў-юрыстаў у духоўную сталіцу Польшчы традыцыйна праходзіць у першую суботу кастрычніка.
«Я перакананы, што ў сваёй прафэсійнай, навуковай і грамадзкай дзейнасьці вы кіруецеся прынцыпам, спраўджаным і шанаваным у Польшчы на працягу вякоў. Заключаецца ён у тым, што адносіны паміж дзяржавай і царквой павінныя абапірацца на аўтаноміі ды незалежнасьці, але таксама на ўзаемнай павазе й супрацоўніцтве дзеля ўсеагульнага дабра», – заявіў Анджэй Дуда вернікам-юрыстам.
Ён зьвярнуўся да ўдзельнікаў пілігрымкі з просьбай прыняць актыўны ўдзел у дыскусіі аб зьмене асноўнага закону Польшчы. «Я разьлічваю, што падчас рэфэрэндуму па гэтым пытаньні, а таксама дыскусіях і кансультацыйных сустрэчах, якія будуць гэтай падзеі папярэднічаць, голас каталіцкіх юрыстаў будзе гучаць моцна й выразна», – заявіў прэзыдэнт Польшчы.
З ідэяй зьмяніць канстытуцыю Анджэй Дуда выступае са жніўня гэтага году. На яго думку, у цяперашняй канстытуцыі Польшчы, прынятай у 1997 годзе, невыразна акрэсьленыя кампэтэнцыі прэзыдэнта, прэм’ера й канстытуцыйнага суду.
PAP/ап