Logo Polskiego Radia
Print

Вуліца ў Лодзі ня будзе насіць імя антысэміцкага дзеяча

PR dla Zagranicy
Alaksandar Papko 17.12.2017 16:00
Лодзінскі ваявода адмяніў рашэньне назваць вуліцу ў гонар лідара нацыяналістычнай партыі й даў ёй імя габрэйскага пісьменьніка.
wikimedia commons/ Jerzy Strzelecki (Own work)/ CC BY 3.0

Рашэньне назваць вуліцу ў Лодзі іменем лідара польскай нацыяналістычнай партыі Казімежа Кавальскага было памылковым, замест яго патронам вуліцы стане польскі пісьменьнік габрэйскага паходжаньня Леапольд Тырманд. Такое рашэньне прыняў у нядзелю лодзінскі ваявода Збігнеў Раў (Zbigniew Rau). Ваявода адмяніў сваё ранейшае рашэньне аб перайменаваньні вуліцы пасьля таго, як у прэсе зьявілася інфармацыя пра антысэміцкую дзейнасьць Кавальскага.

Збігнеў Раў заявіў, што ўлады ваяводзтва дапусьцілі памылку, калі ў рамках закону аб дэкамунізацыі перайменавалі вуліцу, якая раней насіла імя польскага драматурга-марксіста Вітальда Вандурскага.

Некалькі дзён таму было аб’яўлена, што вуліца Вандурскага будзе названая ў гонар даваеннага лідара Нацыянальнай партыі (Stronnictwo Narodowe) Казімежа Кавальскага. Аднак адразу ў прэсе былі апісаныя яго антысэміцкія погляды і нават паказаная фатаграфія Кавальскага, дзе ён выконвае нацысцкае прывітаньне.

"Выяўленыя ганебныя выказваньні Кавальскага не адпавядаюць з плюралістычнаму характару лодзінскай ідэнтычнасьці", – заявіў ваявода Зьбігнеў Раў.

Вуліца Вітальда Вандурскага, якая цяпер будзе насіць імя Леапольда Тырманда – гэта адна з 27 вуліц Лодзі, назвы якіх павінныя быць зьмененыя ў выніку прыняцьця закону аб дэкамунізацыі.

PAP/ап

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт