Арганізацыя эканамічнага супрацоўніцтва і разьвіцьця (АЭСР) высока ацэньвае стан польскай эканомікі, але рэкамэндуе, у прыватнасьці, правядзеньне падатковай рэформы, павелічэньне інвэстыцый у навуку й адукацыю ды перагляд пэнсійнай рэформы.
У час сустрэчы з журналістамі намесьнік Генэральнага сакратара АЭСР Мары Ківініемі адзначыла, што польская эканоміка знаходзіцца ў добрым стане. Яна нагадала, што ў 2017 годзе эканамічны рост быў на ўзроўні 4,6 працэнта. Па прагнозах арганізацыі на 2018 і 2019гг., эканамічны рост у Польшчы складзе каля 4 працэнтаў.
Па словах прадстаўніка Арганізацыі эканамічнага супрацоўніцтва й разьвіцьця, добрая эканамічная сытуацыя Польшчы зьвязаная з добрай зьнешняй сытуацыяй, а таксама з шырокай рэформай эўразоны. Мары Ківініемі адзначыла, што ў разьвіцьці эканомікі дапамагае таксама ўведзеная ў 2016 годзе праграма «Сям'я плюс 500», нізкі ўзровень беспрацоўя й рост заработнай платы.
Сярод праблем, зь якімі Польшчы прыйдзецца змагацца, АЭСР называе, у прыватнасьці, фінансавыя клопаты пажылых людзей і старэньне насельніцтва. Мары Ківініемі сказала, што вопыт іншых краін паказвае, што людзі выходзяць на пэнсію так рана, як гэта магчыма.
Як падкрэсьліла былая прэмʼер-міністар Фінляндыі, пэнсійны ўзрост жанчын у Польшчы зьяўляецца нізкім і складае 60 гадоў, у той жа час у большасьці краін АЭСР – 65 гадоў. «Гэта нясе рызыку беднасьці польскіх пэнсіянэрак у старасьці», - сказала Ківініемі.
Міністар прадпрымальніцтва і тэхналёгій Польшчы Ядвіга Эмілевіч адказвае на гэта, што дасьледаваньні не пацьвярджаюць пераходу прафэсійна актыўных асоб на пэнсію.
Я.Эмілевіч: Выхад на пэнсію мы назіраем сярод грамадзян, якія й так не былі актыўнымі на рынку працы. Значна меншую частку складаюць людзі, якія працавалі й выйшлі на пэнсію, калі толькі ім гэта дазволілі законы. Карацей кажучы, палякі выбіраюць працу, а не выхад на пэнсію.
Арганізацыя эканамічнага супрацоўніцтва й разьвіцьця адзначае, што польскаму ўраду ўдалося ўшчыльніць падатковую сыстэму, скараціць бюджэтны дэфіцыт і фінансаваць сацыяльныя праграмы.
Аднак АЭСР рэкамэндуе Польшчы падрыхтавацца на меншы чым дагэтуль прыток грошай з ЭЗ у наступным бюджэце эўрасупольнасьці.
Акрамя таго, экспэрты рэкамэндуюць зьніжэньне стаўкі ПДВ, павелічэньне падаткаў, зьвязаных з аховай навакольнага асяродзьдзя, а таксама павелічэньне ролі прагрэсіўнага падаходнага падатку.
Яны таксама заклікаюць да мадэрнізацыі энэргетыкі й адыход ад вугалю, што прывядзе да скарачэньня выкідаў вуглякіслага газу й будзе спрыяць паляпшэньню здароўя насельніцтва.
Арганізацыя эканамічнага супрацоўніцтва й разьвіцьця зьвяртае ўвагу польскім уладам на неабходнасьць большых капіталаўкладаньняў у інфраструктуру, навуковыя дасьледаваньні, ахову здароўя й адукацыі.
яс