Беларусаў усё больш на польскім рынку працы
PR dla Zagranicy
Viktar Korbut
23.08.2018 15:00
У мінулым паўгодзьдзі было пададзена 32,8 тыс. заявак на дазволы працаўладкаваць беларусаў.
Фота: pixabay.com/Public Domain CC0
Цяпер кожная пятая фірма ў Польшчы бярэ на працу ўкраінцаў. На працягу найбліжэйшых двух гадоў на працу ў краіну прыедзе каля мільёна чалавек з усходу. Але разам з тым павялічваецца колькасьць беларусаў, якія шукаюць работу ў Польшчы.
Такія вынікі дасьледаваньня, якое правяла польская фірма Personnel Service і Дзяржаўная служба працаўладкаваньня Ўкраіны.
Паводле вынікаў апытаньня, толькі 9% палякаў бачаць ва ўкраінцах канкурэнтаў. Але 40% лічыць, што работнікі з усходу тармозяць рост заработнай платы.
Зь іншага боку, частка польскіх працадаўцаў прызнаюць, што гатовы плаціць замежным працаўнікам нават больш, чым палякам, у тых выпадках, калі бракуе рабочых рук.
17 % прадпрымальнікаў шукаюць работнікаў менавіта на ўсходзе. А 8% фірм, якія былі апытаны, маюць работнікаў зь Беларусі, — і гэта на 6% больш, чым у пачатку года. У мінулым паўгодзьдзі было пададзена 32,8 тыс. заявак на дазволы працаўладкаваць беларусаў. Гэта на 37% больш, чым у першым паўгодзьдзі 2017 года.
Апытаньне паказала, што 75% работнікаў з усходу зарабляюць больш за 2,5 тыс. злотых (каля 1350 бел. руб.) на рукі.
Dziennik Gazeta Prawna/вк