Logo Polskiego Radia
Print

У Польшчы павялічваюць ёмістасьць паліўных складоў і будуюць нафтаправоды

PR dla Zagranicy
Jolanta Śmiałowska 02.10.2018 15:06
PERN праводзіць падрыхтоўчыя работы.
Фото: Jarvin/Wikipedia.org

Прадпрыемства эксплёатацыі нафтаправодаў PERN (Przedsiębiorstwo Eksploatacjji Rurociągów Naftowych– PERN) плянуе ў бліжэйшыя гады шмат новых інвэстыцый. Акрамя пашырэньня складоў паліва й нафты, плянуецца таксама будаўніцтва 100 кілямэтраў нафтаправода з Баронава (Boronów) у Сылезіі на поўдні краіны да мясцовасьці Тшэбіня (Trzebinia) у Малапольскім ваяводзтве. PERN плянуе таксама пракласьці другую нітку Паморскага газаправода, які спалучыць Гданьск з Плоцкам.

Намесьнік старшыні PERN-у Рафал Мілянд сказаў, што для будаўніцтва другой ніткі трубаправода вядзецца экалягічная інвэнтарызацыя.

Р.Мілянд: На тэрыторыі, па якой мы хочам пракласьці трубу, зьбіраюць інфармацыю аб стане навакольнага асяродзьдзя. На падставе гэтага будзе падрыхтавана справаздача пра ўплыў на асяродзьдзе. Затым мы будзем прасіць дазвол.

Мілянд адзначыў, што падрыхтоўчы этап - гэта вельмі важная частка праекту.

Р.Мілянд: Будаўніцтва - не праблема, падрыхтоўка зьяўляецца самым вялікім выклікам і патрэбна на гэта шмат часу. Нам прыйдзецца таксама пераканаць некаторыя групы людзей, што гэтая інвэстыцыя патрэбная, што яна ўплывае на рост бясьпекі, у тым ліку й навакольнага асяродзьдзя. Я прывяду прыклад нафтаправоду - будаўніцтва трубы прычыняецца да скарачэньня колькасьці нафтаперавозкі чыгункай ці аўтацыстэрнамі. Скарачаецца колькасьць небясьпечных грузаперавозак. Труба, закапаная на глыбіні 1 мэтра, зьяўляецца бясьпечным відам паставак.

Чарговыя інвэстыцыі Прадпрыемства эксплёатацыі нафтаправода PERN служаць таксама павелічэньню энэргетычнай бясьпекі Польшчы.

яс

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт