"Пасьля суда Беларусь стала іншай"
PR dla Zagranicy
Valery Sauko
04.12.2011 13:56
“Людзі зразумелі, што кожны 25-гадовы хлопец у нашай краіне можа апынуцца на месцы Дзьмітрыя і Ўлада”.
fot. PAP/EPA/ANDREI STASEVICH/BELTA
У Варшаве адбылася прэс-канфэрэнцыя Любові Кавалёвай і Тацьцяны Кавалёвай – маці й сястры прыгаворанага да расстрэлу Ўладзіслава Кавалёва. На сустрэчы з польскімі журналістамі прысутнічала таксама праваабаронца Людміла Гразнова.
У ходзе канфэрэнцыі Любоў Кавалёва падкрэсьліла, што ў Беларусі часта здараюцца судовыя памылкі, і “не хацелася б, каб чарговая зноў паўтарылася”. На пытаньне Беларускай службы Польскага радыё, як да яе адносяцца звычайныя грамадзяне, маці Ўладзіслава сказала, што штодзённа сустракаецца з праявамі салідарнасьці з боку людзей, у тым ліку з боку тых, хто пацярпеў у выніку тэракту. “На судзе супраць майго сына не было прад’яўлена ані воднага доказу”, падкрэсьліла Любоў Кавалёва. Распавядаючы пра трагедыю, якая сустрэла іх сям’ю, яна не магла паўстрымаць сьлёз.
У сваю чаргу Людміла Гразнова сказала, што пасьля судовага працэсу Беларусь стала іншай. “Людзі зразумелі, што кожны 25-гадовы хлопец у нашай краіне можа апынуцца на месцы Дзьмітрыя і Ўлада”, падкрэсьліла праваабаронца.
30 лістапада Вярхоўны суд Беларусі прыгаварыў Дзьмітрыя Канавалава і Ўладзіслава Кавалёва да сьмяротнага пакараньня за правядзеньня тэракту 11 красавіка ў менскім мэтро. Праваабаронцы й многія грамадзяне, якія прысутнічалі на судовым працэсе, падкрэсьліваюць, што ён прайшоў са шматлікімі парушэньнямі й на ім не была даказана віна хлопцаў.
Рэпартаж і фотарэпартаж з канфэрэнцыі - на нашым сайце празь некалькі гадзін.
Валеры Саўко