Logo Polskiego Radia
Print

Праект апякунчай рэформы

PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna 14.02.2012 16:50
Аўтары праекту хочуць, каб несамастойныя асобы заключалі са сваімі апекунамі дамовы аб працы.

/

Апякунчыя чэкі, платны адпачынак для асобаў, якія займаюцца несамастойнымі чальцамі сям’і, і ўсё гэта фінансаванае са сродкаў Фонду грамадзкага забесьпячэньня. Так можна падсумаваць рэформу апякунчай сыстэмы, якую запрапанавала Сэнацкая камісія грамадзкай палітыкі й сям’і. Праект зьменаў быў агучаны ўчора падчас адмысловай канфэрэнцыі ў Сэйме.

Суаўтар праекту сэнатар Мечыслаў Аўгустын заяўляе, што сытуацыя несамастойных асобаў у Польшчы патрабуе неадкладнай рэакцыі.

Мечыслаў Аўгустын: Падставай згаданага праекту зьяўляецца ўвядзеньне апякунчага чэку. Дзякуючы гэтаму несамастойныя асобы стануць суб’ектам, і гэта яны, а не чыноўнікі будуць вырашаць пра выбар апекуноў. Яны стануць працадаўцамі для сваіх апнкуноў - як для чальцоў сям’і, так і для фірмаў, якія сьведчаць апякунчыя паслугі. Яны змогуць самі заключыць зь імі адпаведныя дамовы аб працы.

Асобы, якія не працуюць, але апякуюцца чальцамі сям’і - інвалідамі, альбо састарэлымі людзьмі, мелі б гарантаваную страхоўку й платны адпачынак. Сродкі на гэта выдзяляліся б Фондам грамадзкага забесьпячэньня.

Сэнатар Аўгустын лічыць, што праект можна было б ажыцьцявіць амаль без дадатковых коштаў. Паводле яго, дзяля гэтага дастаткова адмовіцца ад дзейснага апякунчага дадатку ў памеры 45 эўра ў месяц.

Мечыслаў Аўгустын: Мы хочам увесьці аднолькавыя прынцыпы прызнаваньня права на згаданыя выплаты. Гаворка ідзе пра тое, каб яно прызнавалася ня кожнай асобе, якой споўнілася 75 гадоў, а выключна тым, хто ня ўстане дзейнічаць самастойна. Гаворка ідзе пра тое, каб у будучыні з гэтых сабраных сродкаў можна было заплаціць за добрасумленную апеку.

Паводле сэнатара, рэформа магла б пачацца даволі хутка, дзякуючы грамадзкай і палітычнай падтрымцы, якою карыстаецца праект. Паводле ацэнак аўтараў праекту, у Польшчы жыве 800 тысячаў несамастойных асобаў. У групе пажылых палякаў пераважаюць жанчыны, якія статыстычна жывуць даўжэй, чым мужчыны.

аз

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт