Logo Polskiego Radia
Print

Айцу Аляксандру Надсану - 86!

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 08.08.2012 17:51
Ірына Дубянецкая: Ён у адзіночку зрабіў столькі, колькі робяць цэлыя групы людзей або інстытуты.

/

Адзін з самых вядомых беларускіх эміграцыйных дзеячоў сьвету айцец Аляксандар Надсан, кіраўнік Беларускай бібліятэкі-музэя, апостальскі візытатар для беларусаў-каталікоў замежжа адзначае сёньня 86-ы дзень народзінаў. За доўгія гады жыцьця ён зрабіў унікальную працу на карысьць беларускай культуры, браў актыўны ўдзел у заснаваньні Згуртаваньня беларусаў Вялікабрытаніі. І пры грэтым застаўся вельмі сардэчным і сьціплым чалавекам.

Па-першае, на нашых радыёхвалях мы жадаем павіншаваць шаноўнага айца Аляксандра, перадаць яму пажаданьні яшчэ многіх гадоў жыцьця й шмат новых працаў на карысьць беларускай культурнай спадчыны.

Аляксандар Надсан нарадзіўся 8 жніўня 1926 году ў заходнебеларускім мястэчку Гарадзея. Большую частку свайго жыцьця ён правёў у Вялікабрытаніі, куды трапіў у складзе 2-га Польскага корпусу брытанскіх узброеных сілаў пасьля Другой сусьветнай вайны. А вось што сам юбіляр расказаў нам - як пачыналася беларускае эміграцыйнае жыцьцё ў Вялікабрытаніі.

А.Надсан: Сучаснае беларускае жыцьцё пачыналася адразу пасьля вайны – у 1946 годзе. Было вельмі шмат беларусаў у польскім войску, з Заходняй Беларусі – гэта былі польскія грамадзяне. Калі гэтыя жаўнеры прыехалі ў Вялікабрытанію, адразу пачалі думаць, як арганізаваць беларускае жыцьцё. Яны стварылі Згуртаваньне беларусаў Вялікабрытаніі – адну са старэйшых арганізацый беларусаў эміграцыі.

Айцец Аляксандар таксама арганізаваў і шмат гадоў ужо кіруе працай Беларускай бібліятэкі ў Лёндане. Гэта адзін з найбуйнейшых фондаў беларускіх друкаваных выданьняў у Заходняй Эўропе. Зьбіраньне кніг і ўсіх друкаў, зьвязаных зь Беларусьсю, стала для айца Аляксандра неад’емнаю часткаю жыцьця. Ёсьць у бібліятэцы вельмі рэдкія старажытныя кнігіі.

Па словах Андрэя Дынько, шэф-рэдактора выданьня “Наша Ніва”, айцец Надсан - гэта чалавек абсолютна ўнікальнага фармату.

А.Дынько: 20-ае стагодзьдзе – гэта была бура. І з гэтай буры засталося гарэць вельмі мала агнёў. Сярод гэтых агеньчыкаў быў агеньчык у Лёндане – айцоў- марыянаў, беларускага цэнтру. Айцец Аляксандар ня толькі захаваў гэтую ангельскую буру, але й запаліў тысячы новых агнёў. Як беларус ён збудаваў маленькую Беларусь у Лёндане, калі вялікая Беларусь была паднявольнай, як духоўны ён пераклаў багаслужбы, малітвы. Гэта цудоўны сьвятар і унікальны інтэлектуал. Яго можна параўнаць з такімі духоўнымі постацямі, як айцец Ян Павал ІІ або Далай –лама. Ён унікальны для нашай беларускай супольнасьці.

Доктар багаслоўя Ірына Дубянецкая адзначыла ў размове з намі, што пра Аляксандра Надсана яна магла б распавядаць цэлымі гадзінамі. Цяжка нават пералічыць усе яго заслугі для беларусістыкі ў самых розных галінах. Дзякуючы яму Беларусь ведаюць у сьвеце зь лепша га боку. І нягледзячы на сталы ўзрост, айцец Аляксандар працягвае працу.

І.Дубянецкая: Ён у адзіночку зрабіў столькі, колькі робяць цэлыя групы людзей або інстытуты. Сам пераклаў амаль увесь корпус бізантыйскай літургічнай традыцыі на беларускую мову. Цяпер за Беларусь па-беларуску моляцца многія, але калісьці быў толькі адзін пункт на сьвеце, дзе штодзённа маліліся за Беларусь. Рабіў гэта айцец Аляксандар. Вельмі шмат зрабіў для беларусістыкі ў самых розных галінах. І працягвае працаваць, перакладае псальмы на беларускую мову. Праз скарынаўскую бібліятэку пракруціліся ў свой час усе людзі, хто хоць трошачкі цікавіўся Беларусьсю. Шмат хто напісаў дзякуючы яму сваю дысэртацыю, і пазначыў падзяку айцу Аляксанду ў сваёй працы.

Дзейнасьць айца Надсана вельмі шматбаковая. Пасьля Чарнобыльскай катастрофы ён узначаліў Камітэт дапамогі ахвярам радыяцыі й сам некалькі разоў суправаджаў гуманітарныя грузы ў Беларусь альбо ладзіў летнія адпачынкі для дзяцей у Вялікабрытаніі ды Ірляндыі.

нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт