Logo Polskiego Radia
Print

Папа Францішак абмыў ногі непаўналетнім вязьням

PR dla Zagranicy
Elvira Sienkiewicz 29.03.2013 09:11
Абрад абмываньня ног -- гэта частка каталіцкіх рытуалаў, зьвязаных зь Вялікім чацьвяргом.


Звычайна ён праходзіў з удзелам біскупаў, але гэтым разам пантыфік зрабіў інакш. Ён правёў абрад абмываньня ног у рымскай турме Казаль-дэль-Марма, дзе ўтрымліваюцца непаўналетнія зьняволеныя.

Пантыфік абмыў ногі дванаццаці зьняволеным розных нацыянальнасьцей і веравызнаньняў. Сярод іх было двое дзяўчат. Характэрна, што раней жанчыны не дапускаліся да ўдзелу ў рытуале абмываньня ног Папам.

Папа Францішак, у сьвеце кардынал Хорхэ Марыё Бэргольё, які ў мінулым быў арцыбіскупам Буэнас-Айрэсу, у сябе на радзіме дазваляў дзяўчатам удзельнічаць у гэтым абрадзе. Яму ўдалося дамовіцца пра гэта і ў Італіі.

Цягам свайго служэньня кардынал Бэргольё нязьменна заклікаў да клопату пра бедных, слабых і хворых і заўжды сам даваў прыклад: так, у 2001 годзе ў адным з хосьпісаў ён абмываў і цалаваў ногі 12 хворым на СНІД.

Абрад абмываньня ног у Чысты Чацьвер натхнёны адным з эвангельскіх паданьняў. Паводле яго, Езус перад здрадай і ўкрыжаваньнем абмыў ногі апосталам.

У нядзелю каталікі сьвету адзначаюць Вялікдзень -- Уваскрасеньне Хрыстова.

nn.by/эб

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт