КЭ падала на Польшчу ў Суд Эўразьвязу
PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna
26.09.2013 17:46
Па сёньняшні дзень палякі не ўвялі эўразьвязаўскіх норм па штучным апладненьні.
polskieradio.pl
Нягледзячы на шматлікія заклікі, Польшча не ўвяла норм ЭЗ па якасьці й бясьпецы тканак і клетак чалавека. Таму сёньня Эўрапейская камісія перадала справу ў Суд Эўразьвязу ў Люксэмбургу.
Фрэдэрык Вінцэнт, прэс-сакратар Камісіі па справах здароўя, кажа, што праблема, на якую зьвяртае ўвагу Брусэль, мае заканадаўчы, а ня этычны або палітычны характар.
„Я не выказваюся за або супраць штучнага апладненьня, ня ў тым справа. Гаворка ідзе пра тое, што калі ў Польшчы штучнае апладненьне даступнае, то краіна павінна прымяняць асноўныя правілы ЭЗ па гэтым пытаньні, чаго яна да гэтай пары не зрабіла”, - кажа Фрэдэрык Вінцэнт.
Эўракамісія тлумачыць, што трансплянтацыя тканак і клетак чалавека стварае патэнцыйную рызыку перадачы захворваньняў, таму важна прытрымлівацца правілаў ЭЗ, якія гарантуюць іх якасьць і бясьпеку з моманту атрыманьня да моманту перасадкі.
Польшча павінна была ўвесьці гэтую дырэктыву яшчэ ў 2008 годзе, але па сёньняшні дзень ня выканала гэтага абавязацельства.
аз