Logo Polskiego Radia
Print

Вакалістак „Pussy Riot” затрымалі ў Сочы за крадзеж

PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna 18.02.2014 17:23
Жанчыны паехалі ў Сочы запісваць новую песьню пра Пуціна.
Гурт Pussy RiotГурт Pussy RiotWikipedia

Марыя Алёхіна й Надзея Талаконьнікава – дзьве вакалісткі гурта „Pussy Riot” былі затрыманыя паліцыяй у Сочы й пасьля нейкага часу адпушчаныя. Як яны напісалі ў сваім блёгу, на Алімпіяду паехалі запісаць новую песьню пад назвай „Пуцін, мы навучым цябе любіць Радзіму”.

У 2012 годзе абедзьве жанчыны былі прыгавораны да 2 гадоў працоўнага лягера за тое, што ў маскоўскім храме Хрыста Збавіцеля яны засьпявалі песьню „Багародзіца, Пуціна пагані!”. У сьнежні мінулага года яны скарысталіся амністыяй і выйшлі на волю, заяўляючы, што надалей будуць змагацца за правы чалавека й грамадзянскія свабоды ў Расеі.

Цягам апошніх тыдняў вакалісткі наведвалі жанчын у расейскіх турмах, прымалі ўдзел у канцэртах, арганізаваных праваабаронцамі ў краінах ЭЗ і ў ЗША.

На працягу некалькіх апошніх дзён Алёхіна й Талаконьнікава знаходзяцца ў Сочы, дзе, як кажуць, плянавалі запісаць новую песьню пра Ўладзіміра Пуціна.

Зь іх кароткіх паведамленьняў, зьмешчаных у Інтэрнэце, вынікае, што яны былі затрымліваныя паліцыяй ужо двойчы - 16 і 17 лютага.

Сёньня стала вядома, што жанчыны былі затрыманыя супрацоўнікамі Фэдэральнай службы бясьпекі па абвінавачваньні ў крадзежы ў адным з гатэляў у Сочы. Пасьля нейкага часу іх адпусьцілі.

аз

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт