Logo Polskiego Radia
Print

Гюнтэр Этынгер: ЭЗ падрыхтаваны да газавай вайны

PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna 16.10.2014 15:26
„Мы знаходзімся ў значна лепшай сытуацыі, чым прыкладна 5 гадоў таму”,- кажа камісар па справах энэргіі.
polskieradio.pl

Эўразьвяз лепш падрыхтаваны на выпадак спыненьня паставак газу з Расеі, лічыць эўракамісар па справах энэргіі Гюнтэр Этынгер. У Брусэлі прадставілі вынікі аналізаў сытуацыі, у якой Расея спыняе пастаўкі блакітнага паліва ў ЭЗ.

„У параўнаньні з 2009 годам, наш патэнцыял захоўваньня газу на многа большы, газасховішчы лепш запоўненыя, ёсьць новыя трубаправоды, новыя тэрміналы звадкаванага газу”, - сказаў Этынгер.

Эўразьвязаўскі камісар нагадаў таксама, што Летува павінна адкрыць свой тэрмінал звадкаванага газу ў сьнежні, а Польшча - у студзені.

„Мы знаходзімся ў значна лепшай сытуацыі, чым прыкладна пяць гадоў таму”, - сказаў Гюнтэр Этынгер.

Паводле аналізаў, прэзэнтаваных Эўракамісіяй, калі на працягу шасьці месяцаў будзе цалкам спынены паток газу з Расеі, а сяброўскія дзяржавы не захочуць супрацоўнічаць, то адзінай краінай, у якой можа не хапаць энэргіі ў хатніх гаспадарках, будзе Эстонія.

Іншыя краіны адчуюць выключна падзеньне паставак газу. У выпадку Летувы, Фінляндыі, Балгарыі, Румыніі – на каля 40%. У Вугоршчыне - на 30%, а ў Польшчы - на 20%.

Аднак, калі краіны ЭЗ будуць дапамагаць адзін аднаму, страты будуць значна меншыя. Тады ні адна краіна ня будзе прымушана спыняць пастаўкі энэргіі ў хатнія гаспадаркі, малыя й сярэднія прадпрыемствы або бальніцы.

аз

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт