Вірус Эбола выяўлены ў Францыі
PR dla Zagranicy
Jury Lichtarowicz
19.10.2014 13:00
Ліхаманку магла прывезьці жанчына, што вярнулася з Гвінэі.
фото: PAP/Grzegorz Michałowski
Урад краіны пачаў узмоцненыя праверкі ў аэрапортах.
Кантроль пасажыраў, якія прылятаюць у Францыю з Заходняй Афрыкі, даў першыя вынікі. Лекары затрымалі адну з пасажырак з падазрэньнем на ліхаманку, якую выклікае вірус Эбола.
У 40-гадовай жанчыны, якая прыбыла са сталіцы Гвінэі Канакры, была высокая тэмпэратура ды іншыя прыкметы хваробы. Жанчыну адразу ізалявалі ды з захаваньнем надзвычайных мер засьцярогі ў спэцыяльным касьцюме й адмысловай машыне даставілі ў інфэкцыйны шпіталь у Парыжы.
Іншыя пасажыры са зразуменьнем паставіліся да такой рэакцыі. Калі дыягназ пацьвердзіцца, гэта будзе другі выпадак захворваньня на ліхаманку Эбола ў Францыі. Першай захварэла мэдсястра, якая працавала ў Афрыцы для арганізацыі «Урачы бязь межаў». Яна ачуняла дзякуючы экспэрымэнтальнаму лячэньню.
Эпідэмія віруса Эбола прывяла ўжо да гібелі больш за чатыры з паловай тысячы чалавек, у асноўным у Лібэрыі, Сьера-Леонэ й Гвінэі. Паводле дадзеных Сусьветнай арганізацыі аховы здароўя, больш за 8 тысяч чалавек заражаныя вірусам.
юл