У Азэрбайджане памілавалі некалькі палітвязьняў
PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna
31.12.2014 09:15
Прэзыдэнцкі ўказ аб памілаваньні закрануў 87 зьняволеных.
Указам прэзыдэнта Азэрбайджана вызваленыя 87 зьняволеных, у тым ліку некаторыя палітычныя вязьні.
На волю выйшлі два актывісты моладзевай арганізацыі NIDA, арыштаваныя ў пачатку 2013 году пасьля ўдзелу ў антыўрадавай дэманстрацыі. Узейр Мамадаў і Заур Гурбанлі былі асуджаныя на 7 і 9 гадоў турмы, адпаведна, - па абвінавачаньні ў незаконным захоўваньні зброі й арганізацыі масавых беспарадкаў.
Таксама абвешчана пра вызваленьне журналістаў Аваза Зейналава й Сердара Алібейлі, 18 чалавек, арыштаваных падчас беспарадкаў у горадзе Ісмаілі ў студзені 2013 году, і яшчэ васьмі з удзельнікаў акцый пратэсту 2012 году (супраць забароны на іслямскія хусткі).
Усяго прэзыдэнцкі ўказ аб памілаваньні закрануў 87 зьняволеных.
Апошнім часам мясцовыя й міжнародныя праваабаронцы ўсё часьцей падвяргаюць крытыцы ўлады Азэрбайджану за ўзмацненьне наступу на НКА й незалежныя мэдыі.
26 сьнежня супрацоўнікі генэральнай пракуратуры правялі ператрусы, канфіскавалі дакумэнты й носьбіты інфармацыі, а потым апячаталі Бакінскае бюро Азэрбайджанскай службы Радыё Свабодная Эўропа/Радыё Свабода - „Радыё Азадлыг”. У чым канкрэтна абвінавачваецца радыёстанцыя - пакуль невядома. Супрацоўнікаў пэрыядычна выклікаюць на допыты.
svaboda.org/аз