У Летуве ўспамінаюць ахвяр савецкіх рэпрэсіяў
PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna
14.06.2016 15:17
У сярэдзіне чэрвеня 1941 гаду ў Летуве пачаліся першыя cсылкі ў Сыбір.
Вязьні падчас будаўніцтва Беламорска-Балтыйскага канала.Photo: pl.wikipedia.org/Domena publiczna
Сёньня ў Летуве адзначаюць Дзень жалобы й надзеі, акупацыі й генацыду. У сярэдзіне чэрвеня 1941 гаду, толькі ў першы тыдзень, з Летувы былі вывезеныя каля 30 тысяч жыхароў. Загінулі 28 тысяч зь іх.
Мяркуецца, што падчас савецкай акупацыі Летувы, краіна страціла каля 800 тысяч жыхароў, а наступныя 300 тысяч закрануў перасьлед з боку камуністычнага рэжыму. Гаворка ідзе пра зьняволеньне ў лягерах і cсылку ў Сыбір.
Цэнтральныя мерапрыемствы з нагоды Дня жалобы й надзеі, акупацыі й генацыду пройдуць на чыгуначным вакзале ў Новай Вілейцы, дзе тысячы рэпрэсаваных адправіліся ў сваю, часта апошнюю, дарогу. Сярод іх былі ў асноўным летувісы, летувіскія палякі й прадстаўнікі іншых нацыянальнасьцяў.
У летувіскім Сэйме адбылося ўрачыстае паседжаньне, прысьвечанае памяці ахвяр савецкіх дэпартацый. Увечары ў Вільні на Катэдральнай плошчы пройдзе канцэрт з удзелам Джамалы – украінскай сьпявачкі, якая сёлета перамагла ў конкурсе „Эўрабачаньне 2016”.
аз