Эўрапейская паліцыя разьбіла ганг гандляроў людзьмі
PR dla Zagranicy
Jury Lichtarowicz
26.07.2016 17:13
У Нямеччыне, Аўстрыі і Вугоршчыне затрыманыя 17 чалавек з групы кантрабандыстаў людзьмі.
Foto: BORIS ROESSLER/PAP/EPA.
Паводле ацэнак аўстрыйскай паліцыі, банда за год незаконна пераправіла празь межы некалькі тысяч чалавек.
Сярод затрыманых ёсьць грамадзяне Польшчы, выхадцы з Чачні, немцы ды сырыец.
Уцекачоў з Сырыі, Афганістана, Ірака ды Ірана бандыты перапраўлялі з Вугоршчыны ў Германію, Аўстрыю ды Францыю, як правіла, па некалькі чалавек у прыватных аўтамабілях. Група вэрбавала кіроўцаў, якія за перавоз мігрантаў з Будапэшта ў Вену атрымоўвалі 700 эўра.
Уцекачы за перавоз у Нямеччыну плацілі па 700-800 эўра, а ў Францыю нават і па 2400 эўра на чалавека.
Сьледчыя некалькі месяцаў распрацоўвалі гэтую банду кантрабандыстаў. На днях, нарэшце, у рамках узгодненай апэрацыі былі праведзеныя арышты ў Аўстрыі, Будапэшце й Бэрліне. Падчас ператрусаў у 12 дамах паліцыя знайшла мноства мабільных тэлефонаў, агнястрэльную зброю ды вялікую колькасьць наяўных грошай.
ПР / юл