The Telegraph: Расея спрабавала зьдзейсьніць пераварот у Чарнагорыі
PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna
19.02.2017 14:57
Паводле выданьня, доказы датычнасьці Расеі да змовы атрымалі спэцслужбы Вялікабрытаніі й ЗША.
Photo:Marko Milošević (Мilosevic)/flickr.com/Commercial use allowed
У мінулым годзе Расея спрабавала зьдзейсьніць дзяржаўны пераварот у Чарнагорыі, пераконвае брытанская газэта The Telegraph. Гэта павінна было адбыцца з мэтай дэстабілізаваць сытуацыю ў краіне й не дапусьціць да ейнага ўступленьня ў Паўночнаатлянтычны альянс.
Паводле брытанскага выданьня, пераварот удалося прадухіліць у апошні момант - у сярэдзіне кастрычніка мінулага году.
Ананімныя крыніцы інфармацыі ў брытанскім урадзе сьцьвярджаюць, што акцыя хутчэй за ўсё была адобрана на самым высокім узроўні расейскіх уладаў.
Міністар абароны Чарнагорыі Прэдраг Бошкавіч заявіў у размове з The Telegraph, што напад „арганізавала расейская выведка пры супрацы зь мясцовымі радыкаламі”.
Паводле выданьня, доказы датычнасьці Расеі да змовы атрымалі спэцслужбы Вялікабрытаніі й ЗША, якія ўдзельнічалі ў расьсьледаваньні спробы перавароту.
Мяркуецца, што змоўшчыкі, пераапранутыя ў паліцэйскія мундзіры мелі адкрыць агонь па ўдзельніках акцыі пратэсту пасьля парлямэнцкіх выбараў у Чарнагорыі, а потым абвінаваціць ва ўсім улады й справакаваць адстаўку прэм’ера Міла Джуканавіча.
Нагадаем, Крэмль заяўляў аб недатычнасьці да падзеяў у Чарнагорыі.
аз