Брусэль робіць стаўку на ровары ды цягнікі
PR dla Zagranicy
Jury Lichtarowicz
06.05.2017 16:34
У змаганьні з шматгадзіннымі транспартнымі заторамі.
Foto: pixabay.com
У бэльгійскай сталіцы пачалі кампанію, скіраваную на скарачэньне аўтамабільнага руху.
Бясплатныя квіткі на цягнік або месячны білет на гарадзкі ровар замест службовага аўтамабіля. Такую ідэю агучыла мэрыя Брусэля як сродак на зьмяншэньне дарожных коркаў. Міністар транспарту сталічнага рэгіёна пацьвердзіў, што вядуцца працы над новым плянам для фірм, якія працуюць у Брусэлі.
Кожны дзень амаль 200 тысяч кіроўцаў прыяжджаюць у Брусэль на працу, у выніку чаго зьяўляюцца дарожныя заторы на шмат кілямэтраў. У зьвязку з гэтым рэгіянальны ўрад хоча прымусіць кампаніі, якія працуюць у сталіцы, прапанаваць сваім працаўнікам альтэрнатыву аўтамабілю. Тыя фірмы, якія даюць сваім супрацоўнікам службовыя аўто, будуць абавязаныя купляць ім квіткі на цягнік або карты карыстальнікаў гарадзкога ровару.
Так улады сталіцы спадзяюцца заахвоціць больш людзей карыстацца альтэрнатыўнымі транспартнымі сродкамі.
ПР/юл