Logo Polskiego Radia
Print

У Вільні шукаюць астанкі салдат Арміі Краёвай

PR dla Zagranicy
Viktar Korbut 21.05.2018 17:11
Інстытут нацыянальнай памяці Польшчы праводзіць раскопкі па сьлядах апэрацыі "Вострая брама".
ВільняВільняjackmac34/pixabay.com/Public Domain CC0

У Вільні вуліца Юодасіс Кяляс (у перакладзе Чорны Шлях) пабудавана часткова на касьцях. Так сьцьвярджаюць мясцовыя жыхары. Пад асфальтам і ў суседніх агародах ляжаць косьці салдат Арміі Краёвай, якія ў 1944 годзе ўдзельнічалі ў апэрацыі “Вострая брама” па авалоданьні літоўскай сталіцай.

Цяпер астанкі вайскоўцаў шукае крэсовы аддзел бюро пошукаў і ідэнтыфікацыі Інстытуту нацыянальнай памяці, — піша аўтар часопісу Sieci Марцін Вікла.

Зоф’я Казубак з Вроцлава прыехала ў Вільню і падзялілася з журналістам набалелым. Яна спадзяецца, што знойдуць астанкі яе дзядзькі. Менавіта гэта жанчына ініцыіравала пошукі касьцей салдат.

Дзядзька спадарыні Казубак — гэта салдат Хэнрык Маркоўскі. Генюк, як называлі яго ў сям’і, загінуў ад нямецкай кулі ў ноч з 6 на 7 ліпеня 1944 году, у самым пачатку апэрацыі “Вострая брама”.

Уладальнік зямельнага ўчастку, на якім праводзяцца раскопкі, Міхал Улевіч расказаў, што, паводле яго маці, на рагу агароду пахаваны салдаты. Усе вельмі спадзяюцца, што знойдуцца астанкі акоўцаў. Бо неўзабаве на гэты ўчастак будзе пашырацца асфальтавая дарога.

Леан Попак, кіраўнік крэсовага аддзелу бюро пошукаў і ідэнтыфікацыі Інстытуту нацыянальнай памяці, пакуль нічога не гарантуе. Паводле яго слоў, трэба капаць і шукаць.

Аналягічныя работы павінны пачацца і ў Беларусі, калі адпаведны дазвол дадуць у Менску.

вк

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт