Logo Polskiego Radia
Print

Спынены пошукі боінга, які разьбіўся над Індыйскім акіянам

PR dla Zagranicy
Viktar Korbut 30.05.2018 23:22
Самалёт Малайзійскіх авіяліній вылецеў з Куала-Лумпуру ў Пэкін 8 сакавіка 2014 г. і бясьсьледна зьнік.
Ілюстрацыйнае фотаІлюстрацыйнае фотаФота: pixabay.com

Пошукі, якія праводзілі ўрады Малайзіі і Аўстраліі, скончыліся бяз выніку яшчэ летась. Потым амэрыканская фірма Ocean Infinity выказала жаданьне працягваць работы на ўласную рызыку. Быў падпісаны дагавор, паводле якога фірма атрымала б ад 20 да 70 млн даляраў. На працягу пяці месяцаў восем падводных лодак дасьледавалі 80 тысяч квадратных кілямэтраў дна Індыйскага акіяну. Аднак нічога не знайшлі.

Загадка лёсу самалёту МН370 бадай ніколі ня будзе разгадана. На яго борце знаходзіліся 239 пасажыраў. Члены сямей ахвяр катастрофы расчараваны. Яны лічаць, што справа закрыта, бо “хтосьці стаміўся”. Некаторыя адчуваюць сябе падманутымі і абураюцца.

Праблема ў тым, што вядома, што самалёт МН370 упаў у акіян, але невядома дзе. Бо пасьля зьнікненьня з радараў яшчэ на працягу некалькіх гадзін ляцеў у невядомым кірунку. Улетку 2015 году быў знойдзены фрагмэнт яго крыла на востраве Рэюньён.

Боінг 777-200ER Малайзійскіх авіяліній вылецеў з Куала-Лумпуру ў Пэкін 8 сакавіка 2014 году а 0.41. Праз 40 хвілін капітан Захарыя Ахмад Шах выключыў перадатчык сыгналу самалёту і накіраваў паветранае судна ў бок Індыйскага акіяну.

Стала вядома, што пілёт раней трэніраваўся лятаць над Індыйскім акіянам. Ён таксама меў праблемы ў адносінах з жонкай. Аднак няма адзінай вэрсіі таго, што здарылася: ці пілёт сьвядома выканаў акт самагубства, ці прычына іншая.

Gazeta Wyborcza/вк

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт