Украіна, Грузія й нават Беларусь зьяўляюцца надзейным бастыёнам супраць расейскага нэаімпэрыялізму. Пра гэта заявіў памочнік дзяржсакратара па пытаньнях Эўропы й Эўразіі Уэс Мітчэл 19 кастрычніка на мерапрыемстве „Абарона рубяжоў свабоды. Ліквідацыя шэрай зоны”.
„Сёньня нацыянальны сувэрэнітэт і тэрытарыяльная цэласнасьць прыгранічных дзяржаў, такіх як Украіна, Грузія й нават Беларусь, зьяўляюцца тым надзейным бастыёнам, які абараняе ад расейскага нэаімпэрыялізму”, — сказаў Мітчэл.
Ён адзначыў, што ЗША хочуць бачыць краіны Цэнтральнай і Усходняй Эўропы моцнымі саюзьнікамі й партнэрамі й будуць змагацца за ўплыў у рэгіёне дыпляматычнымі й эканамічнымі мэтадамі.
Мітчэл падкрэсьліў, што на працягу доўгага часу Захад не ўспрымаў сур'ёзна канкурэнцыю за ўплыў у Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропе, але сёньня існуе вострае геапалітычнае суперніцтва за рэгіён. Паводле яго, сапернікі ЗША пашыраюць свой палітычны, эканамічны й ваенны ўплыў на Цэнтральную і Ўсходнюю Эўропу. Мітчэл, у прыватнасьці, згадаў выкарыстаньне Расеяй ваеннай сілы для ўварваньня ў Грузію і Ўкраіну, а таксама расейскую „маніпулятыўную тактыку ў энэргетычным сэктары”.
Акрамя Расеі, са сваім супернікам у рэгіёне ЗША лічаць Кітай, чыю палітыку ў Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропе Мітчэл назваў „дыпляматыяй пазыковай кнігі”. Палітык падкрэсьліў, што Кітай выкарыстоўвае гэтую тактыку для прымусу іншых краін да саступак.
Мітчэл заявіў, што заходнія краіны, у тым ліку ЗША, павінны ўмацоўваць свае пазыцыі ў Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропе й аказаць падтрымку тым краінам у рэгіёне, якія змагаюцца за сваю незалежнасьць.
Прадстаўнік Дзярждэпартамэнта таксама выклаў чатыры прынцыпы стратэгіі ЗША ў рэгіёне. У прыватнасьці, ЗША маюць намер пашыраць пазытыўны ўплыў праз дыпляматыю й эканоміку. Пры гэтым Злучаныя Штаты чакаюць, што краіны, якія атрымліваюць дапамогу, ня будуць падтрымліваць супернікаў ЗША. У прыватнасьці, Мітчэл заявіў: „Заходняя Эўропа не павінна павялічваць энэргетычную залежнасьць ад Расеі, ад якой яе абараняюць ЗША. Для саюзьнікаў ЗША ў Цэнтральнай Эўропе непрымальна падтрымліваць такія праекты, як „Паўночны паток2”, або падтрымліваць ядзерныя зьдзелкі, якія робяць рэгіён больш уразьлівым перад Расеяй, дзеля абароны ад якой яны ўступілі ў NATO”.
Мітчэл адзначыў, што ЗША маюць намер паважаць нацыянальную незалежнасьць і сувэрэнітэт сваіх саюзьнікаў, але таксама чакаюць ад краін павагі правоў суседніх дзяржаў.
belapan.by/аз