Logo Polskiego Radia
Print

Беларусы ЗША мітынгавалі за вызваленьне палітвязьняў

PR dla Zagranicy
Dzmitry Hurnievic 12.12.2011 13:57
У нядзелю 11 сьнежня ў Нью-Ёрку прайшоў мітынг у падтрымку беларускай апазыцыі й праваабаронцаў.

Пратэстоўцы разгарнулі амэрыканскія й бел-чырвона-белыя сьцягі, транспаранты “Свабоду палітвязьням” і “Адмена сьмяротнай кары” на знакамітым Мангэтане, насупраць штаб-кватэры ААН. У акцыі прымалі ўдзел каля 40 беларусаў, што жывуць у Нью-Ёрку. У сваіх выступах пратэстоўцы выказвалі словы падтрымкі беларускім палітвязьням, сярод якіх нядаўна апынуўся й кіраўнік праваабарончага цэнтра “Вясна” Алесь Бяляцкі. Агулам у Беларусі за кратамі яшчэ застаюцца 14 палітвязьняў.

Мітынгоўцы закранулі й праблему сьмяротнага пакараньня ў Беларусі. Нагадаем, да вышэйшай меры былі прысуджаныя “першыя беларускія тэрарысты” Зьміцер Канавалаў і Ўладзіслаў Кавалёў. Пры дапамозе вядомай праваабарончай арганізацыі “Міжнародная Амністыя” за мяжою было сабрана ля 160 тыс. пэтыцыяў за адмену сьмяротнага пакараньня ў Беларусі. Таксама збор подпісаў супраць выкарыстаньня вышэйшай меры распачаўся ў Беларусі, у ім удзельнічалі 50 тысяч чалавек. Маці й сястра Ўладзіслава Кавалёва далі некалькі прэс-канферэнцый у Менску й Варшаве, падчас якіх заявілі пра недаказанасьць віны Кавалёва й Канавалава.

Зазначым, амэрыканскія беларусы даволі часта праводзяць мітынгі з нагоды актуальных падзеяў у Беларусі. Адзін з апошніх мітынгаў прайшоў на Дзяды.

Арцём Багданаў, Менск

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт