Ён лётаў у турнэ па Лацінскай Амэрыцы. Вынікі гэтага ваяжу ацэньваюць экспэрты.
24-29-га чэрвеня Аляксандр Лукашэнка наведаў тры лацінаамэрыканскія краіны: Кубу, Вэнэсуэлу ды Эквадор. Там беларускі кіраўнік, паводле ягоных жа словаў, абмяркоўваў „новыя праекты назло нашым ворагам”. На Кубе Беларусь разьлічвае на паглыбленьне супрацоўніцтва ў розных галінах, перадусім у машынабудаваньні, камп'ютарных тэхналёгіях ды фармакалёгіі. У Вэнэсуэле Лукашэнка заявіў, што ён зробіць усё, пра што папросіць «мой сябар Чавэс». У Эквадоры ён шукаў новыя рынкі для збыту беларускіх прамысловых тавараў. У гандлі гэтай краінай ёсьць пэрспэктывы росту, дагэтуль таваразварот паміж абедзьвюма краінамі склаў 47 млн. даляраў.
Учора прэсавая служба беларускага кіраўніка паведаміла, што Лукашэнка вярнуўся ў Беларусь. У зьвязку з гэтым мы паспрабавалі ацаніць гэты візыт. На думку менскага палітоляга Валерыя Карбалевіча, нічога надзвычайнага ў гэтым турнэ няма. Беларускія ўлады шукаюць новыя рынкі збыту для сваіх тавараў, і гэта нармальна.
Валер Карбалевіч: Беларускія ўлады імкнуцца пашырыць дыяпазон міжнароднага эканамічнага супрацоўніцтва, каб была ня толькі Расея ды Эўропа, але й іншыя рэгіёны. Пакуль што толькі 7% беларускага зьнешняга гандлю прыходзіцца на краіны Трэцяга сьвету, уключна зь Кітаем. Ня шмат, але ўлады спрабуюць. Сама па сабе ідэя шукаць рынкі збыту ды інвэстыцыі ў краінах Трэцяга сьвету нармальная.
Адзіная праблема, што гэтая палітыка грунтуецца выключна на асабістых кантактах Лукашэнкі зь лідарамі тамтэйшых краінаў, а яны, як вядома, ня вечныя.
Валер Карбалевіч: На сёньняшні дзень цяжка сказаць, наколькі нам выгадны ўвесь гэты бізнэс. Усё гэта непразрыста. Усё гэта вельмі зыбка, калі ўлада ў Вэнэсуэле пераменіцца, а краіна напярэдадні прэзыдэнцкіх выбраў, то ўсе гэтыя праекты ляснуцца.
Расейскі экспэрт Кірыл Коктыш зазначыў, што Лукашэнка шукае сабе міжнароднага прызнаньня. Аднак з-за напружаных адносінаў з Эўропай яму застаюцца толькі экзатычныя маршруты.
Кірыл Коктыш: Гэтая паездка ня столькі дазволіць Беларусі замацавацца ў тым рэгіёне, колькі прадэманстраваць Лукашэнку, што ён намагаецца нешта рабіць на міжнароднай арэне. На эўрапейскім напрамку падзьвіжак чакаць не прыходзіцца. На расейскім напрамку дасягнуты некаторы посьпех, але ня дзякуючы беларускай дыпляматыі, а палітычным патрэбам Пуціну. Таму зараз зьявілася перадышка й зьявілася магчымасьць пацьвердзіць ды наладзіць адносіны з краінамі Трэцяга сьвету.
Міжнародных прарываў экспэрт не прадбачыць. Затое дадзены ваяж паказаў, што Лукашэнка адчувае сябе ўпэўнена ў Беларусі. Летась, калі ў краіне быў крызыс, беларускі кіраўнік не накіроўваўся ў далёкія падарожжы. Цяпер, відаць, афіцыйны Менск, крызысаў не чакае.
Кірыл Коктыш: Увесь мінулы год Беларусь была ў цяжкім становішчы: абясцэнілася нацыянальная валюта, упаў узровень жыцьця. Не вядома было, адкуль браць грошы. У гэтым годзе зьявіліся расейскія грошы, стала крыху лягчэй дыхаць. Расея па-сутнасьці прадухіліла найгоршыя сцэнары разьвіцьця беларускай эканомікі. Зьявілася перадышка, і беларускія ўлады адразу пачалі думаць ня толькі пра выжываньне, але пра наладжваньне свайго жыцьця на год-два.
Вярнуўшыся з Лацінскай Амэрыкі, Лукашэнка зьбіраецца ў Кіеў на фінальны матч Чэмпіянату Эўропы. Запрашэньне атрымана, але ці паедзе туды Лукашэнка, пра гэта яго прэсавая служба паведаміць дадаткова.
Падрыхтаваў Юры Ліхтаровіч