Logo Polskiego Radia
Print

Памылкі судоў дорага каштуюуць

PR dla Zagranicy
Karolina Rusinowicz 10.07.2012 15:56
  • Памылкі судоў дорага каштуюуць.mp3
Сотні неабгрунтаваных прысудаў- сотні людзкіх трагедыяў.

Некампэтэнцыя й нядбальства канкрэтных прадстаўнікоў ворганаў правасудзьдзя - пракурораў і судзьдзяў – зьяўляюцца прычынай несправядлівых прысудаў у Польшчы, заяўляюць прадстаўнікі фундацыі „Форум грамадзянскага разьвіцьця” . Фундацыя падрыхтавала й прадставіла адмысловы рапарт, зь якога вынікае, што ў выніку судовых памылак штогод за краты трапляюць нявінныя асобы.

Прычыны судовых памылак розныя, але ў пераважнай большасьці яны абапіраюцца на непаўдзівых паказаньнях сьведкаў альбо неадпаведнай інтэрпрэтацыі доказаў. Аднак таксама здарюцца памылкі альбо няхлюйнае выкананьне службовых абавязкаў прадстаўнікамі ворганаў правасудзьдзя, зазначае сааўтар рапарту доктар Лукаш Хойняк.

Лукаш Хойняк: Нехта не прачытаў актаў справы, не пазнаёміўся з доказавым матэрыялам. Мала таго, здараліся сытуацыі, калі прадстаўнікі судовага апарату ня ведалі дзейснага заканадаўства й судзілі на падставе старых законаў. Здараліся прысуды, якіх няма ў аніводным кодэксе. З гэтага можна зрабіць выснову, што некампэтэнтнасьць становіцца паўсядённасьцю, а гэта недапушчальна.

На думку старшыні фундацыі „Форум грамадзянскага разьвіцьця” Лешака Бальцэровіча, неабходна распрацаваць сыстэму рэгулярнай ацэнкі працы судзьзяў і пракурораў, але пры гэтым не парушаючы прынцыпу незалежнай дзейнасьці судоў.

Лешак Бальцэровіч: Можна нейкім чынам спалучыць гэтыя дзьве рэчы. Якім чынам гэта зрабіць? Гэтае пытаньне неабходна ськіраваць да дасьледчыкаў . На сёньняшні дзень, незалежна ад таго, як працуе пракурор ці судзьдзя, вядома, як выглядае ягоная адказнасьць. Нават у выпадках вялікіх памылак яны не атрымліваюць нават вымоваў.

Доктар Пётр Кладачны з Хэльсінскай фундацыі правоў чалавека пэсымістычна глядзіць на справу. На яго думку, у будучым колькасьць судовых памылак можа павялічыцца яшчэ больш, калі ў дзейнае заканадаўства будуць уведзеныя істотныя папраўкі.

Пётр Кладачны: Праект зьменаў крымінальнага кодэксу прадугледжвае магчымасьць адыходу суду ад патрабаваньня прад’яўленьня доказаў. І ў такой сытуацыі калі мы будзем мець непадрыхтаванага пракурора ці некампэтэнтнага адваката, альбо падсудны ўвогуле ня будзе мець адваката, то могуць паявіцца альбо праблемы з абвінавачаньнем, альбо з доказам нявіннасьці. У выніку чаго паявічча альбо больш несправядлівых прысудаў, альбо несправядлівых апраўданьняў.

Прафэсар Анджэй Жэпіньскі- экспэрт у галіне правоў чалавека, старшыня Канстытуцыйнага суду зьвяртае ўвагу на людзкі аспэкт судовых памылак. Кожны несправядлівы прысуд- гэта канкрэтная людзкая трагедыя, якой нельга выправіць, ані кампэнсаваць.

Анджэй Жэпіньскі: Правы чалавека - гэта не статыстыка. У кожным паасобным выпадку асуджэньня, ці нават на этапе сьледзтва па крымінальнай справе, у сытуацыі нявіннага чалавека дзяржава зьдзяйсьняе на ім своеасаблівае згвалтаваньне, якое можна параўнаць зь фізычным гвалтам. Пасьля гэтага ўжо нішто ня будзе такім самым. Ніякая кампэнсацыя, ніякія прабачэньні ня ў стане зьмяніць сытуацыі. Гэтае здарэньне калечыць чалавека на ўсё жыцьцё.

З апублікаванага рапарту вынікае, што ў Польшчы штогод выносіцца некалькі сотняў несправядлівых прысудаў, пачынаючы на адміністрацыйных правапарушэньнях па сур’ёзныя крымінальныя абвінавачаньні.

Фінансавыя кампэнсацыі, выплачаныя зь дзяржказны за судовыя памылкі ў 2007-2009 гадох ( паводле даступных дадзеных) каштавалі польскіх падаткаплятнікаў 2 мільёны злотых. 300 тысяч злотых атрымаў мужчына з Сылезіі,несправядліва асуджаны за забойства 4-гадовага дзіцяці. Пасьля таго, як асуджаны адсядзеў 3 гады, аказалася, што ён ня меў нічога супольнага з гэтым забойствам. Дзяржава выпляціла кампэнсацыю за судовую памылку, але мужчына ня можа вярнуцца да нармальнага жыцьця, паколькі на ім надалей застаецца кляймо забойцы.

Шмат асобаў, несправядліва асуджаных, увогуле не змагаюцца за свае правы, паколькі ня вераць у справядлівасьць правасудзьдзя.

Падрыхтавала Караліна Русіновіч

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт