Logo Polskiego Radia
Print

У Лібіі ўзьнікаюць структуры ўлады

PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna 09.08.2012 15:36
  • У Лібіі ўзьнікаюць.mp3
Адбываецца гэта амаль праз год пасьля зьвяржэньня былога лібійскага дыктатара Муамара Кадафі.

/

Гістарычная падзея ў Лібіі. Упершыню за апошнія 40 гадоў уладу ў згаданай краіне пераняла абраная ў дэмакратычных выбарах Нацыянальная асамблея.

Сёньня ноччу найстарэйшы лібійскі дэпутат урачыста атрымаў рэгаліі ўлады ад прадстаўнікоў Часовай нацыянальнай рады Лібіі.

Зараз Нацыянальная асамблея краіны вылучыць свайго старшыню, а пазьней таксама прэм’ера й прэзыдэнта Лібіі. Гэта адбываецца амаль праз год пасьля зьвяржэньня былога лібійскага дыктатара Муамара Кадафі.

Ці зьмена ўлады ў Лібіі на самой справе памяняе сытуацыю ў гэтай краіне?, - з гэтым пытаньнем мы зьвяртаемся да доктар Катажыны Гурак-Сасноўскай, арабісткі з Варшаўскага ўнівэрсытэту.

Катажына Гурак- Сасноўска: Пабачым, якія будуць кампэтэнцыі новых уладаў, як яны будуць даваць сабе рады? Трэба дадаць, што гэта сапраўды новая сыстэма ўлады, створаная ад пачатку. Тым ня менш, частка ейных чальцоў зьвязаная з былым рэжымам. Тым часам асноўнай справай зьяўляецца складаная ўнутраная сытуацыя ў Лібіі, дзе надалей даходзіць да сутыкненьняў паміж плямёнамі й нападаў на лякальныя ўлады. Цікава, ці ўлады будуць у стане ўсё гэта кантраляваць.

Гэта значыць, што на самой справе ў шэрагах новай улады ёсьць таксама былыя супрацоўнікі Муамара Кадафі?

Катажына Гурак- Сасноўска: Між іншым, ёсьць й яны. Камэнтатары пераконваюць, што Лібія парвала з традыцыяй рэлігійных арганізацыяў пры ўладзе, як гэта адбываецца ў Эгіпце, Тунісе й Марока. Гэта карысная зьява. Тым ня менш, нельга забываць пра тое, што лібійскае грамадзтва было падзеленае яшчэ на этапе барацьбы за зьвяржэньне Муамара Кадафі. Таму цяперашняя сытуацыя не зьяўляецца вынікам суцэльнай зьмены характару палітыкі. Але ці асобы, зьвязаныя з рэжымам, павінны ўдзельнічаць у палітычным жыцьці краіны?

Ці лібійцы выступалі тады супраць характару ўлады ці супраць асобы Муамара Кадафі?

Катажына Гурак- Сасноўска: Частка лібійцаў - так. Мы ня ведаем, як закончылася б паўстаньне, калі б не падтрымка з боку арміі, ды перш за ўсё самалётаў NATO. Усё ж факт, што частка рэжымнай сыстэмы ўвайшла ў структуры новай улады сьведчыць пра тое, што ўлада Муамара Кадафі карысталася падтрымкай часткі грамадзтва.

Гэта значыць, што ніякіх пратэстаў супраць былых супрацоўнікаў рэжыму ў новых уладах Лібіі нельга спадзявацца?

Катажына Гурак- Сасноўска: Пакуль цяжка сказаць. Важнейшай справай, чым пратэсты, зьяўляюцца суперніцтва паміж паасобнымі групоўкамі. У Лібіі дзейнічае традыцыя сямейнай помсты: вы зрабілі разьню нашай вёскі, то мы вам зараз нейкім чынам адпомсьцім. Гэта пляменная структура Лібіі можа моцна ўскладніць ўнутраную палітыку. Нагадаю, што супраць сябе змагаліся жыхары адной вёскі. Ліквідацыя гэтых прадузятасьцяў будзе сапраўдным выклікам. Можа склад цяперaшаняга ўраду, у якім апынуліся як прыхільнікі, так і праціўнікі былога рэжыму, гэта нейкі выхад? Ня ведаю, але пачакаем - пабачым.

Як можна ахарактарызаваць цяперашні палітычны лад у Лібіі?

Катажына Гурак- Сасноўска: Зараз гэта, можна сказаць, часовы лад. Толькі цяпер будзе стварацца нейкая сыстэма ўлады. Пакуль можна гаварыць выключна пра пункт выхаду. Да гэтай пары ў Лібіі дзейнічаў выключны палітычны лад. Лібію ачольваў дыктатар, які карыстаўся незалежнай і неабмежаванай уладай. Не было Асноўнага закону, палітычных партыяў… У гэткай сытуацыі навядзеньне парадку -гэта сапраўдны выклік. Але бачна, што новыя лібійскія ўлады ў гэтым зацікаўленыя. Напрыклад дзейнічае адмысловая інтэрнэт-старонка на ангельскай мове. На ёй можна даведацца пра розныя ўрадавыя праекты. Так што прынамсі з пункту гледжаньня PR гэта робіць станоўчае ўражаньне.

- кажа Катажына Гурак- Сасноўска, арабістка з Варшаўскага ўнівэрсытэту.

як/аз


Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт