Logo Polskiego Radia
Print

Польска-беларускія адносіны ў 20-50 гг.

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 17.09.2012 17:29
Гісторыкі АН падрыхтавалі зборнік пра польска-беларускія дачыненьні пры дапамозе не польскіх, а францускіх архіваў.

/

Нацыянальная акадэмія навук Беларусі прадставіла 17 верасьня ў Менску зборнік дакумэнтаў і гістарычных матэрыялаў на тэму польска-беларускіх адносінаў: “Польшча – Беларусь: 1921-1953”. У прэс-службе АН Беларусі заявілі, што большасьць дакумэнтаў ніколі раней не публікавалася й яны стануць істотным укладам у разьвіцьцё айчыннай гісторыяграфіі.

Выданьне зьяўляецца сумеснай працай супрацоўнікаў Інстытуту гісторыі Акадэміі навук Беларусі, Нацыянальнага архіву ды маскоўскага фонду “Гістарычная памяць”. Зборнік разьлічаны на прафэсійных гісторыкаў, а таксама звычайных чытачоў, якія цікавяцца гісторыяй. На жаль, да працы па распрацоўцы зборніка не былі запрошаныя польскія гісторыкі, якія маглі б шмат распавесьці пра польскі пункт гледжданьня на складаныя старонкі польска-беларускіх адносінаў у 20-30 гг. мінулага стагодзьдзя, ды й пазьнейшы пэрыяд.

Дырэктар Інстытуту гісторыі Акадэміі навук Вячаслаў Даніловіч не згадзіўся з намі паразмаўляць пра дакумэнты, якія ўвайшлі ў зборнік. Праз сваю сакратарку ён перадаў, што не дае інтэрвію па тэлефоне. Але больш гаваркім аказаўся Аляксандар Дзюкаў, дырэктар расейскага фонду “Гістарычная памяць”, да якога беларускія гісторыкі зьвярнуліся па дапамогу.

А. Дзюкаў: Гэта было звычайнае запытаньне, якіх нам прыходзіць шмат, з просьбай выявіць дакумэнты па тэматыцы зборніка. Мы знайшлі ў францускіх архівах шэраг ацэнак францускімі дыпляматамі палітыкі польскіх уладаў на Крэсах Усходніх. У іх даваліся ацэнкі дзеяньням польскіх уладаў у адносінах да апазыцыйных рухаў. Польскія ўлады, як і ўсе іншыя краіны таго пэрыяду, ажыцьцяўлялі рэпрэсіўную палітыку супраць апазыцыйных партый. Але гэта не прыймала такіх страшных формаў, як у Савецкім Саюзе рэпрэсіі 1937-38 гг.

20-ыя гады – вельмі гарачы пэрыяд у польска-беларускай гісторыі, цікавы для гісторыкаў. Пасьля перамогі палякаў у савецка-польскай вайне была заключана мірная дамова паміж Польшчай ды Савецкім Саюзам, гэтак званы Рыскі дагавор, у выніку якога вялікая частка этнічнай Беларусі адыйшла да польскай дзяржавы. Дарэчы, бальшавікі прапанавалі палякам усю Беларусь, але тыя не згадзіліся. У 20-ыя, 30-ыя гады ў Беларусі быў даволі шырокі антысавецкі супраціў, які падтрымлівалі польскія ўлады. Цікава, ці гэтыя факты, малавядомыя ў Беларусі, прыводзяцца ў зборніку? – пытаецца гісторык Ніна Стужынская, якая пакуль што выданьня ня бачыла.

Н. Стужынская: 1921 год – апагей сялянскага паўстаньня супраць саветаў. Гэтыя арганізацыі, як “Зялёны дуб”, мелі свае базы ў Польшчы, а сюды прыходзілі з рэйдамі. Дакумэнты пра гэта, як разьвіцьцё Рыскай падзеі, яны павінны былі даць. А 1925 год – малая грамадзянская вайна на тэрыторыі Беларусі. З аднаго боку арганізоўваліся партызанцкія адзьдзелы супраць саветаў, іх дасылалі з польскай тэрыторыі, а з другога боку з тэрыторыі савецкай дзяржавы дасылалі антыпартызанцкія атрады. Матэрыялы сьведчаць пра тое, што паўстаньні супраць саветаў былі амаль у кожнай вёсцы. Чаму мы, беларусы, ня зробім гэта для сябе, не дасьледуем гэтых падзей нашай гісторыі?

Усю нашу навуку вярнулі ў савок, - адзначае Ніна Стужынская. Праўда, відаць зацікаўленьне сапраўднай гісторыяй Беларусі, але дасьледваньнямі займаюцца пераважна асобы, не зьвязаныя з афіцыйнымі ўстановамі. А разам з палякамі й расейцамі беларусы маглі б дакапацца да шматлікіх невядомых фактаў.

Н. Стужынская: Цяпер больш цікавасьці да нашай сапраўднай гісторыі, але гэта намаганьні асобных пэрсонаў, якія не працуюць у афіцыйных установах. І з расейцамі, і з палякамі маглі б зрабіць калясальную працу, даць зусім іншую карціну становішча ў Беларусі ў 20-ыя, 30-ыя гады. У іншых існаваў Антонаў, Махно, Бандэра, свае героі, а ў нас быццам бы не было. Насамрэч былі, толькі мы, беларусы, больш савецкія, чым суседзі.

Распавяла нам Ніна Стужынская, аўтарка дысэртацыі на тэму антысавецкага руху ў Беларусі ў 20-ыя гады ХХ ст.

нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт