Komisja wyborcza w Mińsku, foto: PAP/EPA/TATYANA ZENKOVICH
Гэта не былі выбары, гэта было галасаваньне – так пра парлямэнцкія выбары ў Беларусі кажа віцэ-старшыня сэймавай камісіі па замежных справах Робэрт Тышкевіч. Падобным чынам мяркуюць назіральнікі ад АБСЭ. Яшчэ раз вяртаемся да тэмы парлямэнцкіх выбараў у Беларусі.
Містыка, спэктакль – так пра выбары кажа дэпутат Грамадзянскай плятформы Міхал Шчэрба, які быў назіральнікам ад АБСЭ. Падчас прэс-канфэрэнцыі палітык казаў, што гэтая выбарчыя містыка паўтараецца ў Беларусі кожныя некалькі гадоў. Ён дадаў, што гэта спэктакль, у якім усе ролі раздадзеныя. Паводле яго, Лідзія Ярмошына, якая ўзначальвае ЦВК, адказная за каардынацыю парушэньнямі й фальсыфікацыямі падчас усіх беларускіх выбараў.
Міхал Шчэрба дадаў, што сам быў сьведкам выбарчага парушэньня.
М. Шчэрба: Разам з дэпутатам Генрыкам Смоляжам з Польскай сялянскай партыі мы былі сьведкамі фальсыфікацыі. На нашых вачах у выбарчы пратакол былі дапісаныя 600 чалавек, якія не ўдзельнічалі ў галасаваньні. Гэтая лічба не адпавядала бюлетэням. У выніку ў выбарчай акрузе нумар 107 выбары былі прызнаныя важнымі. Нагадаю, што, паводле беларускага заканадаўства, калі ў выбарах удзельнічае менш за 50% выбарцаў, то выбары лічацца ня важнымі.
Дэпутат Анджэй Галіцкі кажа, што ўсё сьведчыць аб тым, што перад беларусамі цяжкія дні. Палітык правёў аналёгію да пэрыяду камунізма ў Польшчы.
А. Галіцкі: У гэтыя цяжкія дні ўсе памятаем, якім вялікім сьвятам было прызнаньне, а пазьней уручэньне Дануце Валэнсе Нобелеўскай прэміі ў галіне міру. Алесь Бяляцкі, які намінаваны да гэтай узнагароды, і які сьвяткуе сёньня свае 50 народзіны, а таксама ўсе беларускія палітзьняволеныя павінны як мага хутчэй выйсьці з турмаў. А асабіста Алесю Бяляцкаму мы жадаем таго, што перажылі палякі.
Гэта не былі выбары, гэта было галасаваньне – так пра нядзельныя выбары кажа віцэ-старшыня сэймавай камісіі па замежных справах Робэрт Тышкевіч.
Р. Тышкевіч: Выбары азначаюць рэальную альтэрнатыву. Яе не было ў камуністычнай Польшчы й яе няма ў сёньняшняй Беларусі. Гэта быў тэатар для ўладаў, якая, дарэчы, сама не надавала гэтаму вялікага значэньня. Не было кампаніі, як падчас прэзыдэнцкіх выбараў. Гэта вынікае з сыстэмы ўлады ў краіне, дзе парлямэнт ня мае амаль ніякога значэньня.
Парлямэнт ня мае заканадаўчай улады – падкрэсьлівае Робэрт Тышкевіч. Гэта адзіны ў Эўропе парлямэнт без апазыцыі.
Р. Тышкевіч: Такога няма нават у постсавецкіх краінах Далёкага Ўсходу. Паўсюль ёсьць прынамсі мінімальная колькасьць апазыцыйных дэпутатаў нават для таго, каб ствараць уражаньне дэмакратыі. Аднойчы Лукашэнку прыйшлося разганяць парлямэнт. У мяне складваецца ўражаньне, што ён баіцца нават невялікай групы, якая можа „заразіць” іншых дэпутатаў.
Старшыня Эўрапейскага парлямэнту Марцін Шульц назваў галасаваньне ў Беларусі „зьдзекам з дэмакратычных выбараў”. Як напісана ў адмысловай заяве, Эўрапейскі парлямэнт ня будзе ў стане наладзіць афіцыйныя кантакты з парлямэнтам гэтай краіны.
Марцін Шульц пералічыў прыклады парушэньня дэмакартычных прынцыпаў уладамі Беларусі: зьняволеньне лідараў апазыцыі, адмова рэгістрацыі апазыцыйных кандыдатаў, адмова доступу да СМІ, суцішваньне крытычных у дачыненьні да ўлады галасоў, перашкоды ў працы назіральнікаў.
„Вельмі шкада, што парлямэнцкія выбары ў Беларусі чарговы раз не выконваюць міжнародныя стандарты. Беларускія ўлады працягваюць недэмакратычную практыку, пазбаўляючы сваіх грамадзян грамадзянскіх правоў і карысьцяў, якія вынікаюць з блізасьці з ЭЗ”, - напісаў старшыня Эўрапарлямэнту.
Былы старшыня ЭП Ежы Бузэк напісаў на Твітэры: „Думкамі я сёньня з нашымі суседзямі беларусамі, дарога да дэмакратыі й свабоды якіх становіцца ўсё даўжэйшай”.
ав