Logo Polskiego Radia
Print

Ціск на апазыцыю ў Расеі

PR dla Zagranicy
Jury Lichtarowicz 29.10.2012 14:01
  • Ціск на апазыцыю ў Расеі.mp3
Сёлета расейскія ўлады пачалі інтэнсіўны ціск на грамадзянскую супольнасьць і апазыцыю.

fot.

Якімі мэтадамі карыстаюцца расейскія ўлады? Ці можна праводзіць паралелі зь іншымі постсавецкімі краінамі? Пра гэта ў сёньняшняй перадачы На руінах імпэрыі.

Расейскія эліты доўгі час лічылі, што іх краіна адна з найбольш дэмакратычных на постсавецкай прасторы. Расейцы ганарыліся сваімі незалежнымі СМІ, дэмакратычнымі выбарамі ды наяўнасьцю апазыцыі, чаго не было, напрыклад, у Азэрбайджане, Казахстане альбо Беларусі. Аднак апошнія гады Масква пачала актыўна скарачаць разрыў між Расеяй ды гэтымі краінамі. Прыкладаў на карысьць гэтай тэзы дастаткова, кажа палітоляг Павал Усаў.

Павал Усаў: Прыкладамі таго, што рэжым на чале з Пуціным ужо не зьбіраецца гуляць у дэмакратыю, зьяўляецца прысуд і дзеяньні ўладаў у адносінах да чальцоў панк-групы Pussy riot. Другі крок, гэта затрыманьне Ксеніі Сабчак і канфіскацыя мільёна эўра, якія былі прызначаны на фінансаваньне ўдзельнікаў шэсьця апазыцыі ў Маскве. Урэшце, улады пачалі перасьлед аднаго зь лідараў апазыцыі, кіраўніка леварадыкальнай арганізацыі Авангард чырвонай моладзі, а таксама каардынатара Левага фронту Сяргея Ўдальцова.

Цягам толькі апошняга году супраць Удальцова ды іншых апазыцыйных актывістаў былі арганізаваныя разнастайныя правакацыі.

Павал Усаў: У красавіку 2012 году актывістка прадзяржаўнай арганізацыі Маладая Гвардыя Ганна Пазднякова заявіла, што Ўдальцоў ударыў яе падчас мітынгу ва Ўльянаўску. Хаця доказаў гэтага не было прадстаўлена, Удальцоў быў асуджаны да 240 гадзінаў выхаваўчых працаў.

Апроч правакацый Крэмль б'е па апазыцыі прапагандай ды фабрыкаванымі матэрыяламі ў мэдыях.

Павал Усаў: 5 кастрычніка расейскі канал НТВ паказаў фільм «Анатомія пратэсту – 2», галоўным героем якога быў менавіта Ўдальцоў. Нагодай стала сустэча ў Менску Ўдальцова зь Гіві Таргамадзэ, які ўзначальваў Камітэт парлямэнту Грузіі па абароне й бясьпецы ды зьяўляецца консулам Грузіі ў Малдове. Акрамя Ўдальцова на сустрэчы прысутнічалі ягоныя памагатыя Канстанцін Лебедзеў і Леанід Разважаеў. Размова вялася пра мажлівасьць фінансаваньня дзеяньняў апазыцыі, падрыхтоўку пратэстных шэсьцяў і нават арганізацыі дзяржаўнага перавароту.

17 кастрычніка Сьледчы камітэт РФ прызнаў гэтыя здымкі сапраўднымі й пачаў сьледчыя дзеяньні супраць удзельнікаў гэтай сустрэчы.

Павал Усаў: Удальцоў і Лебедзеў былі затрыманыя, Разважаеў паспрабаваў папрасіць палітычнага прытулку ва Ўкраіне, але там быў захоплены невядомымі людзьмі й спэцрэйсам дастаўлены ў Маскву. Разважаеў падчас сьледзтва заявіў, што непарадкі ў Маскве былі спансараваныя грузінскімі палітыкамі, а згодна з артыкулам 212 Крымінальнага кодэксу РФ Удальцова й ягоных паплечнікаў могуць асудзіць на 10 гадоў зьняволеньня.

Чым можа адказаць на гэта расейская апазыцыя?

Павал Усаў: Надоечы, 20-22 кастрычніка адбыліся выбары ў Каардынацыйную раду расейскай апазыцыі. Галасаваньне вялося галоўным чынам празь інтэрнэт. Прагаласавала больш за 80 тыс. чалавек. У выніку ў Раду ўвайшло 45 чалавек, сярод іх: Аляксей Навальны (які набраў найбольш за ўсіх галасоў), Гары Каспараў, Дзьмітры Быкаў, Ксенія Сабчак, Ілья Яшын, Сяргей Удальцоў.

Крэмль больш не талеруе праяваў апазыцыйнасьці ў расейскім палітычным жыцьці. На ўзбраеньне ўзяты розныя сродкі: правакацыі, прапаганда, крымінальны перасьлед. Вось ужо некалькі гадоў экспэрты заўважаюць, што крамлёўскія эліты выкарыстоўваюць мэтодыкі барацьбы з апазыцыяй Лукашэнкі ды іншых поставецкіх дыктатараў. Ці можна казаць пра рэпрэсіўную «салідарнасьць» ды ўзаемныя запазычаньні постсавецкіх дыктатараў?

Павал Усаў: Малаверагодна, каб Беларусь стала прыкладам для тых палітычных падзеяў, якія разгортваюцца ў Расеі. Кожны аўтарытарны рэжым функцыянуе паводле таго самага мадэлю: зьнішчэньне апазыцыі ды ўвядзеньня непасрэднага кантролю, кіраваньня й маніпуляцыі грамадзтвам. Пры гэтым Расея ідзе па свайму ўласнаму шляху.

Расейскае кіраўніцтва ідзе па шляху сваіх суседзяў, постсавецкіх дыктатараў, ды перастае гуляць у дэмакратыю. Нягледзячы на падабенствы мэтады барацьбы з апазыцыяй, Масква ідзе па сваім уласным шляху.

Размаўляў Юры Ліхтаровіч

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт