Logo Polskiego Radia
Print

“Boeing 787 Dreamliner” для LOT (ФОТА)

PR dla Zagranicy
Valery Sauko 14.11.2012 20:38
  • Боінг.mp3
LOT зьяўляецца першай у Эўропе авіякампаніяй, якая атрымае сучасны авіяляйнэр (ФОТАРЭПАРТАЖ).

У бліжэйшы чацьвер у варшаўскім аэрапорце прызямліцца першы з васьмі замоўленых самалётаў “Boeing 787 Dreamliner”. Самалёты заказала польская авіякампанія LOT. Дарэчы, LOT зьяўляецца першымі ў Эўропе авіялініямі, якія замовілі гэтыя сучасныя авіяляйнэры.

Літаральна празь некалькі гадзінаў з аэрапорта ў амэрыканскім горадзе Сіэтл, дзе знаходзіцца авіязавод, падымецца ў паветра новы польскі “Boeing”. Назва самалёта “Dreamliner” – “Ляйнэр мараў” – невыпадковая, бо “Boeing 787” бадай што найбольш сучасны пасажырскі самалёт у сьвеце. Прыкладна на 50% ён выраблены з кампазітных матэрыялаў, перш за ўсё з вуглевалакна. Гэта зьмяншае вагу самалёта і ў выніку спальваецца менш паліва. Такім чынам ляйнэр больш эканомны - прыкладна на 20% у параўнаньні з трансатлянтычнымі самалётамі старэйшых тыпаў.

“Boeing 787” чакаюць у Варшаве ня толькі супрацоўнікі польскай авіякампаніі ды польскія аматары авіяцыі, але таксама прыхільнікі гэтага самалёта ў Эўропе. У інтэрнэце яны аб’ядноўваюцца ў групы й купляюць білеты на эўрапейскія трасы LOT, на якіх будзе лётаць “Dreamliner”. Хоць новы самалёт прызначаны на далёкія трасы, то спачатку будзе абслугоўваць кароткія й сярэднія эўрапейскія. Па-першае, каб да самалёту прызвычаіўся экіпаж і бортпэрсанал, а па-другое, гэта таксама маркетынгавы ход: паказаць, што LOT – гэта сучасная авіякампанія, якая надзвычай хутка разьвіваецца. Дарэчы, так паступаюць таксама іншыя авіякампаніі. Першы палёт заплянаваны на 14 сьнежня ў Прагу. Дарэчы, зь сёньняшняга дня на сайце польскай авіякампаніі можна набыць білеты на эўрапейскія трасы менавіта на самалёт “Boeing 787 Dreamliner”, прычым цэны даволі прывабныя.

Авіякампанія LOT зьвязвае з новым самалётам вялікія надзеі. Паводле спэцыялістаў па маркетынгу, дзякуючы сучаснай машыне ў сваім авіяпарку палякі перацягнуць на свой бок пасажыраў іншых авіяліній, якія лётаюць з Эўропы ў Паўночную Амэрыку ці на Далёкі Ўсход. Да гэтага аднак скептычна падыходзіць намесьнік генэральнага дырэктара авіякампаніі “Белавія” Ігар Чаргінец. Нагадаем, “Белавія” й LOT цесна супрацоўнічаюць у абслугоўваньні авіямаршрута Менск-Варшава, а частка беларускіх пасажыраў сьледуе праз польскую сталіцу транзітам, дзе перасаджваюцца на польскія самалёты й ляцяць у гарады, куды “Белавія” ня лётае. У тым ліку ў ЗША, куды будзе лётаць “Dreamliner”.

І.Чаргінец: Я думаю, што нічога ня зьменіцца, бо застаюцца тыя ж самыя рэйсы, тыя ж самыя напрамкі. Проста замест “Boeing 767” будзе выкарыстоўвацца “Boeing 787”. Канешне, нейкі камфорт для пасажыраў будзе, але я ня думаю, што нешта глябальна зьменіцца. Чыста эканамічная выгада можа быць для польскай авіякампаніі... Ці пасажыры паляцяць, напрыклад, праз Варшаву, а не праз Франкфурт у ЗША? Зразумела, ёсьць асаблівыя аматары авіяцыі, некаторыя зь іх выбяруць гэты рэйс, каб паспрабаваць на такім самалёце зьлётаць. Але такіх людзей вельмі мала. Хутчэй за ўсё пасажыры, купляючы квіток, перш за ўсё будуць браць пад увагу дату пералёта й цану білета.

Ва ўсіх авіякампаніях, якія купілі “Boeing 787 Dreamliner”, створаны спэцыяльныя брыгады для абслугоўваньня авіяляйнэра, гэтак званыя “elite fleet”. І іх склад увайшлі найлепшыя бортправаднікі. Дарэчы, цэны на білеты на трасы, на якіх будзе лётаць новы “Boeing”, вышэйшыя ў параўнаньні зь менш сучаснымі самалётамі “Boeing 767”, якія, дарэчы, неўзабаве будуць поўнасьцю выведзеныя з авіяпарка LOT.

Для палётаў на новых ляйнэрах авіякампанія падрыхтавала каля 100 найбольш дасьведчаных пілётаў, у тым ліку капітана Тадэвуша Врону, які, як памятаем, год таму пасадзіў “Boeing 767” без шасі на паласу варшаўскага аэрапорта, бо ў самалёта здарылася паломка.
“Boeing 787 Dreamliner” LOTа будзе забіраць на борт 251 пасажыра ў трох клясах: эканамічны – 212 чалавек, бізнэс – 18 пасажыраў, і Прэміюш Клюб – 21 чалавек. Мэню для пасажыраў бізнэс-кляса рыхтуюць найлепшыя эўрапейскія кухары. Хто гэта? – LOT не паведамляе й трымае падрабязнасьці ў таямніцы.

У суме ў авіяпарку польскай авіякампаніі будзе восем новых самалётаў “Boeing”. Да вясны яны будуць лётаць на эўрапейскіх трасах, а пазьней – у ЗША й Азію, у прыватнасьці, у Чыкага, Таронта, Пэкін.

Першы польскія “Boeing 787 Dreamliner” прызямліцца ў чацьвер у Варшаве ў суправаджэньні чатырох зьнішчальнікаў F-16 ВПС Польшчы. Думаю, што гэта будзе відовішчная карцінка! Дарэчы, LOT працяглы час прыносіць страты (у мінулым годзе каля 50 млн. даляраў), і мэнаджары кампаніі спадзяюцца, што новы ляйнэр дапаможа нармалізаваць фінансы фірмы. Ці так станецца – пакажа час.

Валеры Саўко


foto:LOT
foto:LOT

foto:LOT
foto:LOT
foto:LOT
foto:LOT
foto:LOT
foto:LOT
foto:LOT
foto:LOT
foto:LOT
foto:LOT
foto:LOT
foto:LOT






Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт