Logo Polskiego Radia
Print

Неэмацыйнасьць беларусаў

PR dla Zagranicy
Alena Vialichka 24.11.2012 16:00
  • Неэмацыйнасьць беларусаў.mp3
Gallup: Беларусы — адныя з самых неэмацыйных нацый у сьвеце.

/



Беларусь апынулася на 3-м месцы самых неэмацыйных краін сьвету. Пра гэта сьведчыць апытаньне, праведзенае ў 150 краінах у 2009-2011 гадах агенцтвам па вывучэньні грамадзкай думкі Gallup.

Першае месца заняў Сінгапур, на другім — Летува й Грузія.

Сінгапурцы, нягледзячы на высокія эканамічныя дасягненьні й ВУП памерам $33,5 тыс. на душу насельніцтва, не атрымліваюць асалоды ад росквіту краіны, а даволі скупа выказваюць свае эмоцыі. Пра тое, што яны адчуваюць штодня ня менш за дзесяць станоўчых і адмоўных эмоцый, заявілі толькі 36% жыхароў Сінгапура. Гэты паказчык прызнаны сацыёлягамі самым нізкім у сьвеце.

Самай эмацыйнай краінай, паводле апытаньня, сталі бедныя Філіпіны. Пра багатае эмацыйнае жыцьцё тут паведамілі 60% апытаных.

Дасьледчыкаў цікавілі як станоўчыя эмоцыі: задавальненьні, усьмешкі, сьмех, радасьць ад вучобы, паўнавартаснага адпачынку, - так і адмоўныя — гнеў, стрэс, смутак, фізычны боль, клопаты.

Другое месца сярод самых неэмацыйных краін было аддадзена Грузіі й Летуве — пра эмоцыі й пачуцьці там заявілі 37% рэспандэнтаў.

Беларусы разам з Расеяй, Украінай, Казахстанам, Кыргызстанам, Мадагаскарам і Нэпалам занялі 3-е месца. Эмацыйнымі тут прызналі сябе 38% рэспандэнтаў.
У ліку самых эмацыйных краін таксама фігуруюць Сальвадор (57% апытаных штодня адчуваюць розныя пачуцьці), Бахрэйн (56%), Аман і Калюмбія (па 55%). На пятым месцы з вынікам 54% — Чылі, Коста-Рыка, Канада, Гватэмала, Балівія, Эквадор, Дамініканская Рэспубліка, Пэру, Нікарагуа й ЗША.

У згаданым дасьледаваньні пад эмацыйнасьцю мелася на ўвазе адчуваньне штодня розных эмоцый.

Наш суразмоўца, псыхоляг Жанна Міцкевіч ацэньвае, што беларусы – стрыманы ў сваіх эмоцыях народ. Аднак калі гаворка ідзе пра эмацыйнасьць, то на яе трэба глядзець з розных бакоў, нельга глядзець аднабакова. Адным з элемэнтаў, які адыгрывае ролю ў эмацыйнасьці нацыі, зьяўляецца гісторыя.

Ж. Міцкевіч: Гістарычны фактар таксама мае значэньне. Гэта зьвязана з месцазнаходжаньнем беларусаў. Маецца на ўвазе, што калісьці яны жылі на балотах, хутарах. І гэта зрабіла чалавека ня вельмі эмацыйным, бо людзі займаліся зусім іншым – гэта праца й стомленасьць.

Псыхоляг зьвяртае ўвагу, што тэрмін «эмацыйнасьць» заключае ў сабе розныя элемэнты. У згаданым на пачатку дасьледаваньня гаворка ішла пра колькасьць эмацыйных станаў, якія перажываюць прадстаўнікі розных нацый.

Ж. Міцкевіч: Я не магу сказаць, што беларусы зусім неэмацыйныя людзі. Яны перажываюць і радасьць, і задавальненьне і г.д.. Але ўсё ж яны засяроджаныя на сабе. Можна сказаць, што гэта больш стрыманая нацыя ў параўнаньні зь іншымі. Калі казаць пра сёньняшні час, то гэтая стрыманасьць можа вынікаць і зь іншых рэчаў – сёньня людзі больш засяроджаныя на матэрыяльных рэчах.

Пры гэтым нашая суразмоўца кажа, што, на яе думку, беларусаў на трэцяе месца паставілі дарма.

Ж. Міцкевіч: Усё ж беларусы маюць і пазытыўную, і нэгатыўную эмацыйнасьць. Пры гэтым засяроджанасьць на сабе й стрыманасьць характэрныя для беларусаў. Сёньня таксама трэба аддзяляць моладзь і старэйшых людзей. Старэйшым цяжэй быць эмацыйнымі, але вось моладзь сёньня вельмі эмацыйная. Але ўсё ж увогуле можна казаць пра паўночнае месцазнаходжаньне. Калі ўзяць нашых пісьменьнікаў – Чорнага, Мележа, Караткевіча – то мы ўбачым там засяроджаных, задумлівых, неэмацыйных людзей.

Дзякую за размову.

ав/НН



Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт