Logo Polskiego Radia
Print

Беларускія кампутарныя праграмы заваёўваюць сьвет

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 03.12.2012 13:07
Стварэньне спэцыяльнай эканамічнай зоны дазволіла беларусам эфэктыўна змагацца зь мясцовым лідэрам – Вугоршчынай – у гэтай галіне.

/

Урэшце рэшт нешта пазытыўнае пра Беларусь у польскай прэсе, а гэта здараецца нячаста. Беларусь – лідэр па экспарту кампутарных праграмаў. Стварэньне спэцыяльнай эканамічнай зоны дазволіла беларусам эфэктыўна змагацца зь мясцовым лідэрам – Вугоршчынай – у гэтай галіне, - піша „Dziennik – Gazeta Prawna”. Хочаш разгружаць вагоны – ідзі на эканоміку, хочаш зарабляць – стань праграмістам. Пра гэтае правіла ў Беларусі ведае амаль кожны. Заробкі спэцыялістаў у галіне IT у тры разы вышэйшыя, чым сярэдняя зарплата па краіне. Яны складаюць амаль 1,4 тыс. даляраў.

Гэта вынік хуткага разьвіцьця сэктара інфарматыкі. Цягам апошніх шасьці гадоў Беларусь нечакана стала адным з буйнейшых вытворцаў праграмаў у Цэнтральна-Усходняй Эўропе. Маштаб сэктара расьце з хуткасьцю некалькіх дзясяткаў працэнтаў у год, дзякуючы заказам з ЗША, Эўразьвязу ды Расеі. У пераліку на аднаго жыхара вартасьць экспарту IT у Беларусі самая высокая сярод усіх краін былога СССР і складае 35 даляраў на асобу. Гэта набліжае краіну да самых буйных сусьветных экспартэраў. А ўсё пачалося, калі ў 2005 годзе быў заснаваны Парк высокіх тэхналёгій. Інвэстары атрымалі вельмі шырокія льготы, як падатковыя, так і, напрыклад, бясплатную зямлю пад будаўніцтва. Ад іншых зонаў гэтая адрозьніваецца тым, што яна поўнасьцю віртуальная – трэба толькі зарэгістравацца, а фірму можна ствараць у кожным месцы – у Горадні або ў вёсцы на Прыпяці.

Стварэньне парку аказалася вялікім посьпехам. Сёньня працуу ў ім 118 фірмаў, якія маюць каля 13 тыс. працаўнікоў. Амаль уся прадукцыя парку ідзе на экспарт. Палову беларускіх праграмаў купляюць ЗША, адну трэцюю заказваюць эўрапейцы, астатнія ідуць у Расею ды іншыя краіны СНД. У першым паўгодзьдзі гэтага году беларусы прадалі праграмы на больш чым 215 млн даляраў. Гэта напалову больш, чым за такі ж пэрыяд летась. Калі расейскі аналяг – Скалкова ў Падмаскоўі – прадукуе віртуальныя праекты, то беларусы лічаць рэальныя грошы – падсумоўвае аўтар артыкулу ў выданьні „Dziennik – Gazeta Prawna”.

нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт