Logo Polskiego Radia
Print

Сьвята шахцёраў

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 04.12.2012 17:36
У Польшчы самыя вялікія залежы вугалю ў Эўропе.

/

4 сьнежня ў Польшчы адзначаецца сьвята шахцёраў – людзей, якія займаюцца вуглездабычай, а таксама пошукам і здабычай іншых карысных выкапняў – газу, нафты, солі й г.д. У гэты дзень сьвяткуюцца імяніны сьвятой Барбары, якая апякуецца шахцёрамі. Адсюль і назва сьвята – Барбурка. У Польшчы самыя вялікія залежы вугалю ў Эўропе, але ці яго здабыча аплочваецца?

Дзень Шахцёра асабліва ўрачыста сьвяткуецца ў Верхняй Сілезіі, на поўдні Польшчы. Таксама ў іншых месцах краіны адзначаюць сваё прафэсійнае сьвята рабочыя вугальных шахтаў, а таксама шахтаў, дзе здабываецца медная руда, цынк і сьвінец, нафта й газ. Аднак самая шматлікая група шахцёраў – звыш 100 тыс. асобаў – працуе на шахтах, дзе здабываецца каменны вугаль. І менавіта з такімі шахцёрамі атаесамліваецца сьвята Барбуркі.

Польшча знаходзіцца на 9 месцы на сьвеце з увагі на колькасьць здабываемага ў краіне каменнага вугалю. А прафэсія шахцёра карыстаецца папулярнасьцю сярод маладых людзей. Гэта цяжкая праца, але яна высока аплачваецца, - адзначае Томаш Тамчыкевіч, віцэ-міністар, адказны за горназдабываючую прамысловасьць.

Т. Тамчыкевіч: Гэта цяжкая праца, таму за яе плацяць добрыя грошы. А высокія зарплаты прыцягваюць у гэтую прафэсію шматлікіх маладых людзей, якія хочуць ёй займацца. На адну вакансію ў шахце чакае нават звыш дзесяці жадаючых. З кадрамі ў шахтах няма праблемаў, людзі ведаюць, што гэта складаная праца, але за добрую зарплату. Зразумела, здараюцца ў шахтах і нешчасьлівыя выпадкі. Можна іх колькасьць абмежаваць, але трэба ўкласьці ў галіну бясьпекі на шахтах яшчэ шмат працы.

Вугаль – гэта паліва, спальваньне якога дае шмат энэргіі, але ён таксама мала экалягічны, паколькі пры спальваньні выдзяляюцца вялікія колькасьці вуглекіслага газу. Гэты газ лічыцца адказным у вялікай ступені за пацяпленьне клімату, таму ўрады некаторых краін ЭЗ стараюцца абмяжоўваць выкарыстаньне вугалю. Тым ня менш, калі заканчваюцца залежы іншых сыравінаў, прыйдзецца карыстацца вугалем, паколькі яго запасы самыя вялікія, - гаворыць экспэрт рынку паліваў Анджэй Шчэнсьняк.

А. Шчэнсьняк: Залежы вугалю самыя вялікія, яго хопіць на сотні гадоў здабычы. Таму немагчыма адмовіцца ад вугалю. Праўда, у некаторых краінах закрываюць шахты, паколькі запасы вугалю ў іх вычэрпваюцца, але адкрываюцца новыя. Напрыклад, у Нямеччыне прыйдзецца павялічыць выкарыстаньне вугалю ў выніку таго, што яна закрыла свае атамныя электрастанцыі. Эколягі змагаюцца з гэтай сыравінай, прымушваюць урады краін ЭЗ абмяжоўваць выкарыстаньне вугалю, але немагчыма поўнасьцю адмовіцца ад вугалю, які зьяўляецца самай багатай энэргетычнай сыравінай.

І Польшча, і іншыя краіны ня змогуць адмовіцца ад выкарыстаньня вугалю. Тым ня менш, вуглездабыча ў польскай дзяржаве знаходзіцца на другарадным месцы для ўраду. Калі яшчэ ў 80-ыя й 90-ыя гады Польшча прадавала вугаль у іншыя краіны, то цяпер стала яго імпартэрам.

А. Шчэнсьняк: Замест таго, каб экспартаваць вугаль, мы яго купляем, паколькі вуглездабыча ў дзяржаве звужаецца. Польшча ня раз уступіла Эўрапейскаму Зьвязу, які стараецца абмяжоўваць спальваньне вугалю. Гэта няправільна, мы марнуем адзіную сыравіну, якой у нас дастаткова шмат. Пра сланцавы газ пакуль што прыходзіцца забыць, а вугалю ў нас 85% ад усіх залежаў, якія ёсьць у Эўрапейскім Зьвязе. Гэтага хопіць на некалькі сотняў гадоў. А ЭЗ адмаўляецца ад вугалю ў вялікай ступені па ідэалягічных прычынах, паколькі лічыцца, што ён забруджвае асяродзьдзе. Але ёсьць таксама націскі вытворцаў тэхналёгій для атрыманьня гэтак званай чыстай энэргіі. Дацкія ці нямецкія кампаніі на гэтым зарабляюць, таму націскаюць на свае ўрады. А Польшча слаба абараняецца, такім чынам аддаючы тое, што ў нас самае каштоўнае – каменны й буры вугаль.

У гэтым годзе шахцёры адзначаюць сваё прафэсійнае сьвята ў горшых настроях, чым раней. Рэнтабельнасьць гэтай галіны прамысловасьці падае. У гэтым годзе шахты зарабілі на амаль паўтара мільярда злотых менш, чым годам раней. Таксама нельга забываць пра тых, хто сыходзіць у шахту назаўсёды. Праўда, польскія шахты лічыцца даволі бясьпечнымі на фоне іншых краін, але й так у гэтым годзе ў іх загінула 26 шахцёраў, бальшыня сьмяротных выпадкаў здарылася ў шахтах каменнага вугалю.

нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт