Logo Polskiego Radia
Print

Менш беларусаў прыедзе ў Татры?

PR dla Zagranicy
Elvira Sienkiewicz 07.12.2012 14:54
Уладальнікі прыватных пансіянатаў баяцца, што сёлета прыедзе да іх менш турыстаў з-за ўсходняй мяжы.

„Gazeta Wyborcza” піша, што ад паловы 90-тых гадоў грамадзяне краін былога Савецкага Саюзу ахотна бавяць час ў польскіх гарах і любяць прыязджаць сюды на праваслаўныя Каляды. Мясцовых жыхароў гэта радуе, бо пансіянаты не пустуюць у прамежку паміж Новым годам і зімовымі канікуламі, якія ў польскіх школах пачынаюцца ў другой палове студзеня.

Сёлета, аднак, зьявілася небясьпека, што турысты з Расеі, Беларусі й Украіны не прыедуць у Закапанэ й ваколіцы. Ад студзеня пачынае працаваць новая сыстэма электронных ваўчараў – свайго роду запрашэньняў, на падставе якіх выдаюцца польскія візы. Такія ваўчары змогуць высылаць толькі некаторыя польскія турбюро і нешматлікія гасьцініцы й пансіянаты, якія прайшлі працэдуру сэртыфікацыі й прызнаньня зорачак. Уладальнікі прыватных дамоў, у якіх здымаюць пакоі турыстам, такіх ваўчараў выслаць ня змогуць. Праўда, польскую візу можна атрымаць і бяз ваўчара, але тады працэдура даўжэйшая і больш складаная.

Газэта цытуе словы спадара Ўладыслава Навабільскага, які здае пакоі ў мясцовасьці Бялка Татшаньска. „Ужо некалькі год узапар у нас затрымлівалася група расейцаў з-пад Масквы. Сёлета яны пазванілі й спыталі пра электронныя ваўчары. Калі пачулі, што мы іх выслаць ня можам, то сказалі, што не прыедуць, паедуць у Славаччыну, дзе крыху даражэй, чым у нас, але менш вазьні з дакумэнтамі”, - апавядае спадар Уладыслаў.

Польская турыстычная палата кажа, што сэртыфікацыя паслуг начлежнай базы была праведзеная з мэтаю павышэньня якасьці гэтых паслуг. Каб не здараліся больш выпадкі, што турыстаў з Усходу запрашаюць у несінуючыя пансіянаты.

эб

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт