Logo Polskiego Radia
Print

“Каліноўскі не змагаўся за Беларусь і ніякі ён не нацыянальны герой”

PR dla Zagranicy
Dzmitry Hurnievic 07.01.2013 21:00
150 год таму пачалося паўстаньне супраць расейскага панаваньня ў Рэчы Паспалітай. У Беларусі яго дагэтуль разглядаюць праз прызму савецкай гістарыяграфіі.

Дасьледчык падзей 1863-1864 гг. Віктар Хурсік прапануе глянуць на іх адкінуўшы штампы савецкай гістрыяграфіі. Веды звычайнага беларуса пра паўстаньне Кастуся Каліноўскага – гэта кактэйл савецкага дыскурсу і ўра-патрыятызму. Насамрэч, паўстанцы не змагаліся за Беларусь, сяляне масава выдавалі народных змагароў царскім войскам, а Кастусь Каліноўскі не адыйшоў далёка ў сваіх мэтадах ад Мураўёва-Вешальніка. Такую карціну паўстаньня 1863-64 гг. прадставіў у размове з Польскім радыё выдавец і краязнаўца, дасьледчык паўстаньня ў Польшчы, Літве й Беларусі Віктар Хурсік. Зь ім гутарыць Дзьмітры Гурневіч.

Віктар
Віктар Хурсік. Здымак rh.by

Калі дакладна пачалося паўстаньне? Ці ёсьць канкрэтная дата, якая стала пачаткам уздыму на беларускіх землях.

В. Хурсік: Кіруючыся гістарычнымі дакумэнтамі мушу сказаць, што вы такога дня ў гісторыі Беларусі ня знойдзіце. Беларусь, а дакладней Літва, якая была ў складзе Рэчы Паспалітай, павінна вызначаць пачатак паўстаньня таксама, як і Польшча. Гэта растрэл маніфэстацыі 1861 года й зьяўленьне думак пра свабоду, а таксама 10 студзеня 1863 года, дзень абвяшчэньня Народнага ўраду Рэчы Паспалітай.

На што спадзяваліся паўстанцы? Яны не маглі не разумець, што супраць іх выступае вялізнае імпэрскае войска. Гэтыя людзі былі рамантыкамі ці ў іх быў геніяльны плян, які ў выніку праваліўся?

В. Хурсік: Паўстанцы ў кангрэсавай Польшчы і ў Літве-Беларусі ўспрымалі гэтае паўстаньне па-рознаму. Палякі змагаліся за агульнанацыянальную ідэю. На Беларусі з прыходам Каліноўскага пачалася фактычна сацыял-дэмакратычная рэвалюцыя. Дарэчы, заклікі Мураўёва й Каліноўскага былі абсалютна аднолькавымі: біць усіх тых, вешаць, караць сьмерцю, хто крыўдзіць сялян. Палякі спадзяваліся, што ім на дапамогу прыйдуць краіны Захаду, Францыя, напрыклад. У адносінах да Літвы, якая ўжо па-сутнасьці ня мела рэальнай самастойнасьці, гэта ня мела сэнсу. Калі палякі прасілі Каліноўскага выступіць разам, маўляў, тады будзе хоць нейкая надзея адрадзіць дзяржаву, то Каліноўскі не пагаджаўся з такой пастаноўкай пытаньня.

Паштовая
Паштовая марка. 1993 год.

Каліноўскага сваім героем лічаць літоўцы і палякі. Для беларусаў ён ці не на першым месцы ў нацыянальным пантэоне герояў. На колькі моцным у яго было пачуцьцё беларускасьці?

В. Хурсік: У 2002 годзе я дэталёва дасьледваў паўстаньне ў Нацыянальным архіве Беларусі. Каліноўскі быў сацыял-дэмакратам. У яго не было нацыянальнай ідэі. Дарэмна, што зараз яго імкнуцца прадставіць нацыянальным героем Беларусі. Ён быў такім жа героем, як і рэвалюцыянеры 1917 года. Ніякай нацыянальнай ідэі ён не прапаведаваў.

Але ж усе школьнікі вучылі яго цытаты пра тое, што “тагды толькі зажывеш шчасліва народзе, калі над табою Маскаля ўжэ ня будзе.” “Мужыцкая праўда” выдавалася па-беларуску, сам Каліноўскі нарадзіўся ў Беларусі.

В. Хурсік: Але былі таксама словы ў “Мужыцкай прадзе”: біць, каб рука не дрыжэла над рукой шляхецкага дзіцяці”. На наваградчыне, напрыклад, вешалі тых, хто не падтрымліваў сялян. Разумееце, сяляне балі цёмнай неадукаванай масай. Да яе было проста зьвярнуцца й сказаць, што ва ўсім вінаватыя памешчыкі. Так рабіў Каліноўскі, так рабіў і Мураўёў. Другі зьнішчаў польскі элемэнт і беларускую інтэлігенцыю, а яму дапамагаў Каліноўскі.

То бок Вы выступаеце за тое, каб правесьці гістарычную рэвізію асобы Каліноўскага?

В. Хурсік: Мы павінны ўшаноўваць тысячы й тысячы тых людзей, якія аддалі свае жыцьці й маёмасьць на карысьць гэтай справы. Каліноўскі быў кіраўніком паўстаньня, але ніяк не нацыянальным лідарам.

А як паўстаньне паўплывала пазьней на фармаваньне беларускай ідэі й дзяржаўнасьці?

В. Хурсік: Трэба разумець, што Каліноўскі, як выказьнік мараў беларускага народу, зьявіўся ў савецкай гістарыяграфіі. Насамрэч у 1863 годзе ніякай гаворкі пра Беларусь і беларускую нацыю не было й гэта падкрэсьлівалі самі памешчыкі. Яны запісвалі сябе палякамі, а сяляне тутэйшымі. У той час у беларусаў не было нацыянальнасьці. Таму нельга казаць, што паўстаньне Каліноўскага заклала нейкі падмурак дзяржаўнасьці альбо, прынамсі, яго аднаўленьня. Гэта было ня так. Гэта былі сацыялістычныя ідэі Каліноўскага, якія не ўвасобіліся ў жыцьцё.

Царскія ўлады ацэньвалі колькасьць паўстанцаў у Беларусі прыкладна пад 70 тысяч. А колькі іх было паводле вас?

В. Хурсік: Я акурат скончыў пераклад з польскай мовы кнігі Фэрнынадна Чапліцкага “Маскоўскі рэжым на Літве”. Ён адкрыта кажа, што гэтая інфармацыя наконт колькасьці паўстанцаў завышаная. Не было столькі паўстанцаў ані ў Літве, ані ў Польшчы. Сілам, якія падаўлялі паўстаньне, было выгадна, каб гэтых паўстанцаў на паперы было больш. Яны маглі накладаць кантрыбуцыі на маёнткі, рэквізіраваць маёмасьць, нажываліся на гэтым і гэты клубок каціўся ажно да 1869 года. Лічбу 77 тысяч я б паставіў пад сумнеў.

/

А кім былі гэтыя паўстанцы?

В. Хурсік: Гэта была адукаваная моладзь. Яна прадстаўляла 90% паўстанцаў. Гэта людзі, якія скончылі ўнівэрсытэты й якія пачыналі разумець сваё прыгнечанае становішча. Буйныя памешчыкі ўдзельнічалі прадстаўленьнем сховішча. Але нават за гэта вялікая іх колькасьць была пакараная. Дарэчы, сапраўдная колькасьць пакараных і высланых ніколі не называлася ані ў Польшчы, ані тым больш у Беларусі.

А колькі, дарэчы, было пакарана?

В. Хурсік: У нас калісьці агучвалася лічба ў 12 тысяч. Але гэта лічба вельмі заніжаная. Сюды не залічвалі сялян, якіх катавалі й забівалі нагайкамі. Улічваліся маёмасьнікі, тыя, у каго канфіскоўвалі ўласнасьць і высылалі.

А як звычайныя сяляне рэагавалі на паўстанцаў? Ці была шырокая падтрымка?

В. Хурсік: У Польшчы сяляне ў большасьці не здраджвалі сваім памешчыкам. Расейская ўлада, якая прыйшла падаўляць паўстаньне, зьвярнулася да іх і папрасіла: “скажыце каго вы больш ненавідзіце. Выкажце свае крыўды й мы іх усіх павяжам”. Польскі селянін не здаваў свайго памешчыка. У Беларусі было інакш. Калі ўлады зьвярнуліся да сялян, то яны са шчырай душой пачалі здаваць сваіх памешчыкаў. Добраахвотнікі, якіх паклікаў урад для затрыманьня паўстанцаў, у Беларусі вызначаліся вялікай колькасьцю спайманых. І потым яны былі дастойна ўшанаваныя расейскім урадам. Яны былі ўзнагароджаныя мэдалямі за падаўленьне паўстаньня. На старадарожчыне быў выпадак, калі селянін здаў сваіх суседзяў, восем чалавек. Зьяўляецца загад: усіх выслаць у Сібір, а маёмасьць аддаць таму, хто іх здаў. Так было паўсюдна на Беларусі.

Мэтай паўстаньня было аднаўленьне Рэчы Паспалітай Абодвух Народаў. Але ці была б яна сапраўды такой у выпадку перамогі паўстанцаў? Самастойнасьці Літвы ўжо не існавала, як Вы казалі. Дык пэўна гэта была б Польшча?

В. Хурсік: Не, гэта была б Рэч Паспалітая Абодвух Народаў ажно да Смаленска.

А якая была галоўная прычына паразы паўстаньня?

Сымбаль
Сымбаль паўстаньня.

В. Хурсік: Паўстаньне пачалося зьнянацку. Падрыхтоўка ішла, але яна не была завершана. У сувязі з тым, што расейскі ўрад абвесьціў набор рэкрутаў на пачатак 1863 года, зразумела, што туды былі забраныя самыя актыўныя дзеячы паўстаньня. Тады польскі ўрад абвясьціў сябе пераемнікам і аб’явіў пра пачатак паўстаньня. Так магла б скончыцца й сацыялістычная рэвалюцыя 1917 году, але ёй пашанцавала ў тым, што Аляксандар Парвус даў грошы Леніну. У польскага ўраду гэтых грошай не было. Ён зьвяртаўся тварам да Эўропы, а тая, шчыра кажучы, паказала яму дулю.

Ці мела сэнс абвяшчаць гэтае паўстаньне разумеючы суадносіны сілаў? Ці не быў гэта рамантычны й непрадуманы крок? Ва Ўкраіне такога паўстаньня не было, магчыма таму ў іх напрыканцы 19 ст. лепшая сытуацыя з нацыянальным будаўніцтвам.

В. Хурсік: Так, у гэтым я з вамі пагаджуся. Але пераносячы вашыя словы на сёньняшнюю глебу трэба тады сказаць, што ўсе выступленьні, якія ўваходзяць ў супярэчнасьць з грамадзкай думкай ці ўладамі, на іх можна адразу паставіць крыж. Гэта было ўзрушэньне сэрцаў маладога пакаленьня, якое ведала, што некалі Рэч Паспалітая была вольнай. Ня варта сёньня разважаць, ці было б лепш, ці горш, сёньня мы павінны аддаць ім належнае. Так зрабілі б у любой цывілізаванай дзяржаве.

Дарэчы, у Польшчы гэты год абвешчаны Годам студзеньскага паўстаньня. А ці зьбіраюцца 150 гадавіну адзначаць у Беларусі?

В. Хурсік: Мне нічога пра гэта невядома. Я не чуў пра такія пляны. Прыкра. На жаль попел не стукае ў сэрца.

Можа гэта таму, што сьвяткаваць, па-сутнасьці, няма чаго. Паўстаньне ж пацярпеле паразу, а сьвяткаваць паразу неяк дзіўнтавата.

В. Хурсік: Той хто забывае гісторыю, той перажыве яе зноў. У эўрапейскіх нацыяў гісторыя нават кожнай вёскі вядомая й апісаная. Адзначэньне гэтай даты будзе служыць аднаўленьню справядлівасьці, а не напружаньню адносін паміж Беларусьсю, Польшчай і Расеяй. Ушанаваньне гэтай даты палепшыць адносіны паміж краінамі. Затойваньне й хлусьня адносна гэтай даты будзе захоўваць нейкую драбніцу гэтага жару, які можа разгарэцца. Таму трэба ўшанаваць памяць паўстанцаў, а таксама ахвяр з расейскага боку.

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт