Logo Polskiego Radia
Print

Уцячы зь Беларусі за любую цану

PR dla Zagranicy
Dzmitry Hurnievic 09.01.2013 14:39
Усё больш беларусаў, каб атрымаць права на пражываньне ў Эўразьвязе, прадстаўляюцца ахвярамі палітычных рэпрэсій.

Усё больш беларусаў шукае шчасьця за мяжой. Каб атрымаць права на пражываньне ў Эўразьвязе, некаторыя прадстаўляюцца ахвярамі палітычных рэпрэсій. Пра гэта піша Анджэй Пачобут.

Аўтар рспавядае гісторыю Віталя. Ужо некалькі месяцаў разам з сям’ёй ён жыве ў адной з краін ЭЗ. Калі ён зьвяртаўся па азыль, то прадставіўся дзеячам АГП якога перасьледавала ўлада. Насамрэч ён быў прыватным прадпрымальнікам і вёў някепскі бізнэс. Выехаў Віталь толькі таму, што адчуваў на радзіме несвабоду й не жадаў такога ж самага лёсу сваім дзецям.

Пасьведчаньне сябра партыі ў яго сапраўднае. Але праблема ў тым, што ў АГП ён запісаўся толькі дзеля паперкі. Такія выпадкі, калі людзі хочуць купіць пасьведчаньне сябра апазыцыйнай партыі, пацьвярджаюць і беларускія праваабаронцы. Калі атрымаць дакумэнт у апазыцыі несумленным грамадзянам не ўдаецца, то яны купляюць пасьведчаньне пра арышт альбо затрыманьне ў знаёмых зь міліцыі.

Паводле сацыялягічных апытаньняў, эміграваць зь Беларусі хоча ўсё больш людзей. Улетку мінулага году ахвотных назаўсёды пакінуць радзіму было ажно 41%. “Галоўнай прычынай зьяўляецца кепская эканамічная сытуацыя ў краіне” – тлумачыць выданьню сацыёляг Сяргей Нікалюк. Перад крызысам 2011 году ахвотных пакінуць Беларусь было толькі 20%.

Паводле дадзеных Эўракамісіі, у 2011 годзе палітычнага прытулку ў Эўропе папрасіў 1441 беларус, а гэта на 55% больш, чым годам раней.

дг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт