Logo Polskiego Radia
Print

Паўстанцы 1863-64 гг. - не рамантыкі, а прагматыкі

PR dla Zagranicy
Dzmitry Hurnievic 22.01.2013 15:42
  • Паўстанцам 1863 г..mp3
У палітычным і вайсковым сэнсе паўстаньне было ня проста паразай, а катастрофай, але іншага выхаду не было, піша Дзьмітры Гурневіч.

/

У паўстанцаў 1863-64 гг. былі мізэрныя шанцы на перамогу. Іх сілы двойчы ўступалі расейскім, на зброю маглі разьлічваць толькі некалькі тысяч, а заходнія сталіцы не асабліва пераймаліся чужымі праблемамі. У палітычным і вайсковым сэнсе паўстаньне было ня проста паразай, а катастрофай. Тысячы патрыётаў заплацілі за яго жыцьцём, тысячы былі сасланыя ў Сібір, тысячы страцілі маёмасьць. Пасьля паўстаньня на землях Вялікага Княства й Рэчыпаспалітай было ўведзенае фактычна ваеннае становішча. Здавалася б, аніякіх перамог, адныя страты.

Зь сёньняшняй пэрспэктывы можа здавацца, што рашэньне пра пачатак паўстаньня было памылкай, за якую давялося заплаціць вельмі высокую цану. Хапае разумных, якія сьпяшаюцца вучыць, што трагедыя 1863-64 гг. павінна паслужыць сучасьнікам урокам, во, маўляў, нельга высоўвацца супраць мацнейшых, калі няма шанцаў перамагчы.

Паўстаньне 1863-64 гг., насуперак досыць пашыранаму ўяўленьню , не было проста рамантычнай ідэяй маладзёнаў, якіх расьпірала энэргія і ўзбуджалі патрыятычныя лёзунгі. Гэта быў адказ на гады прыгнёту, немагчымасьць рэалізаваць сябе. Гэта была нянавісьць за гады крыўды. Што павінен быў рабіць народ пад акупацыяй, бачачы сваю бызвыходнасьць?

Гэта адвечная спрэчка, ці варта, калі хтосьці дае нам у морду, адказаць, ці пабачыўшы, што ён мацнейшы, папрасіць прабачэньня? Тады можна спытаць, а які сэнс увогуле бараніцца ад ворага, можа тады здавацца на пачатку, калі яго армія мацнейшая?

Калі б паўстаньня не было, а зь ім не было й прагі да жыцця ў свабоднай і незалежнай Айчыне, то гэта нічога не зьмяніла б у лепшы бок. Ніхто не зьбіраўся ператвараць Паўночна-Заходні край у Беларусь. Паўстаньне ж стала яшчэ адным крокам да вызваленьня.

У гэтым канфлікце былі два бакі: адныя хацелі быць свабоднымі, а іншыя хацелі гэтую прагу да свабоды задушыць. Мы былі на слушным баку. Варта памятаць пра гэта і ўшанаваць паўстанцаў. За іх адвагу й мужнасьць, за супраціў гвалту, за бескапраміснасьць.

Калі пачалося паўстаньне, то жонка правадыра паўстанцаў Рамуальда Траўгута спытала ў мужа: “Ці ёсьць сэнс у гэтым паўстаньні?” Траўгут адказаў: “Ня ведаю, ці ёсьць сэнс, але ёсьць неабходнасьць”.

Учынак паўстанцаў – гэта ўрок вялікай годнасьці. Сёньня шмат хто называе іх рамантыкамі і ідэалістамі. Але гэта былі ці не самыя прагматычныя героі нашай гісторыі. Тое, за што яны змагаліся, ёсьць. Тыя, супраць каго яны змагаліся, далёка ня тыя й ня там, што ў 1864 годзе.

Дзьмітры Гурневіч.

tags:
Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт