Logo Polskiego Radia
Print

У сядзібе Падароск будзе Музэй шляхты

PR dla Zagranicy
Alena Vialichka 04.02.2013 08:00
  • Падкарытаў.mp3
Расеец беларускага паходжаньня Павал Падкарытаў стаў новым уласьнікам старадаўняй сядзібы.

/

Расейскі бізнэсовец беларускага паходжаньня Павал Падкарытаў набыў у Ваўкавыскім раёне сядзібу Падароск за 120 тысяч даляраў. А таксама вывучыў беларускую мову й вольна на ёй гаворыць, амаль без памылак. Але ўсё адно выбачаецца.

Павал Падкарытаў: Я часам памыляюся, не магу пазбавіцца акцэнту!.. Як прэзыдэнт ня можа пазбавіцца беларускага, гэтак я – рускага.

Павал Падкарытаў мае буйны бізнэс, зьвязаны з энэргетыкай. У выніку бандыцкіх разборак у Расеі амаль 5 гадоў ён правёў за кратамі. Менавіта там і абудзілася цікавасьць да мовы продкаў. Стаў наведваць беларускія сайты, замовіў праз інтэрнэт беларускія кнігі. Нават завочна ўступіў у Таварыства беларускай мовы.

Павал Падкарытаў: Завочна напісаў Трусаву, што жадаю. Ён мяне прыняў, пасьведчаньне ёсьць. Гэта было на самым пачатку, я шукаў, што можна зрабіць, сьвярбіла, скажам так.

Пасьля вызваленьня Павал Падкарытаў перабраўся ў Талін – далей ад бандыцкіх разборак. У 2010 годзе ўпершыню наведаў Беларусь. І так натхніўся, што месяц таму набыў сядзібу Падароск ХІХ стагодзьдзя. Неверагодна, але ў сядзібе ён намераны стварыць Музэй беларускай шляхты! На нашае зьдзіўленьне, што звычайна робяць, напрыклад, гатэль для турыстаў, ён кажа, што нешта такое можна стварыць побач.

Павал Падкарытаў: Я разумею, што побач могуць быць нейкія такія аб’екты. Там можна й невялікі гатэль зрабіць – у колішнім флігелі. Там ня будзе столькі турыстаў, каб будаваць 7-павярховы гатэль.

Многія зьдзіўляюцца, чаму спадар Павал выбраў менавіта гэтую сядзібу – усё-ткі яна знаходзіцца крыху ўбаку ад ажыўленых трас. Але ў Паўла Падкарытава сваё бачаньне гэтага аспэкту.

Павал Падкарытаў: Шмат хто зьвяртаў маю ўвагу на гэта, папярэджвалі. Але ж там цікавы шлях – з Гародні да Берасьця. Не сказаць, што гэта мёртвая дарога. Потым, я спадзяюся, што там будзе разьвівацца памежны турызм. Праўда, нехта мне сказаў, што за апошні год з Польшчы прыехала ўсяго 2000 турыстаў… Але там ёсьць побач цікавыя аб’екты – гэта дарога на Ружаны, побач Ваўкавыск, Краскі... Калі стварыць там побач з музэем гатэль, рэстаран, заахвоціць іншых людзей набыць там сядзібы, - усё можа даць плён. Каб можна было прыехаць адпачыць, але каб побач быў культурны аб’ект – гэта больш цікава.

Дарэчы, падчас набыцьця сядзібы чыноўнікі добра падурылі галаву бізнэсоўцу. Нават кошт зьмянялі тры разы, усё баючыся прагадаць.

Павал Падкарытаў: Там была цьмяная гісторыя з вызначэньнем кошту. Спачатку ацанілі ў 200 тысяч даляраў. Я сказаў, што гэта для мяне дорага. Потым яны, у адпаведнасьці з указам прэзыдэнта, выключылі з кошту зялёную зону, парк – і кошт стаў 90 тысяч. Але калі абвесьцілі аўкцыён, у іх пачалася паніка, бо апроч мяне, ахвочых не знайшлося. Яны непакоіліся, што танна аддадуць. Таму мяне запрасілі ў выканкам і спыталі, ці я ня супраць, калі кошт на 20% падвысіцца. Я сказаў, што калі ня больш за 100 тысяч даляраў, то добра. У выніку кошт стаў 120 тысяч. Але я вырашыў не адступаць, бо была праведзеная доўгая падрыхтоўчая праца.

Цяпер, калі грошы за сядзібу ўжо сплочаныя, спадар Павал разам з навуковым кіраўніком распрацоўвае плян аднаўленьня.

Павал Падкарытаў: Генадзь Семянчук мне дапамагае. Мы будзем зь ім усё абмяркоўваць. Пакуль што закансэрвуем – спынім доступ, замкнем вокны-дзьверы. Аднаўленьне, хутчэй за ўсё, пачнем зь невялікіх аб’ектаў – флігеля, коўні, магчыма, брамы. Трэба спачатку праект распрацаваць, вызначыцца з канцэпцыяй.

Мы гутарылі з расейскім бізнэсоўцам беларускага паходжаньня Паўлам Падкарытавым. Ён вывучыў мову продкаў, а месяц таму набыў за 120 тысяч даляраў сядзібу Падароск ХІХ стагодзьдзя, дзе хоча зрабіць Музэй беларускай шляхты.

Поўную размову слухайце ў далучаным гукавым файле.

Арцём Багданаў, Менск


Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт