Logo Polskiego Radia
Print

Цудадзейная зброя ці новая пагроза?

PR dla Zagranicy
Jury Lichtarowicz 10.02.2013 09:30
  • Цудадзейная зброя ці новая пагроза.mp3
У ЗША разгарэлася спрэчка пра пагрозы выкарыстаньня сучаснай высокатэхналягічнай зброі.
The Israeli Unmanned Air Vehicle (UAV) Aerostar. Photo: www.aeronautics-sys.comThe Israeli Unmanned Air Vehicle (UAV) Aerostar. Photo: www.aeronautics-sys.com

/

Гаворка ідзе пра беспілётныя самалёты – „дроны”. У іх бачаць інструмэнт поўнага кантролю за грамадзтвам, накшталт оруэлаўскага Вялікага Брата.

Беспілётныя самалёты выкарыстоўваюцца цяпер паўсюль: у навуковых мэтах, паліцэйскімі службамі ды нават цывільнымі службамі. Напрыклад, у ЗША беспілётнікі працуюць пры пошуках загінулых, падчас аварый, надзвычайных сытуацый, у навуковых дасьледаваньнях. Гэтыя апараты выкарыстоўвае паліцыя ды памежная служба, каб сачыць за мяжой і змагацца зь нелегальнай міграцыяй ды кантрабандай. Аднак найбольш вядомыя выпадкі выкарыстаньня „дронаў” у вайсковых мэтах. Найчасьцей імі карыстаюцца амэрыканцы ды ізраільцяне, для так званых „хірургічных удараў” па тэрарыстах. Напрыклад, яны выкарыстоўваюцца амэрыканскім войскам у барацьбе з Аль-Каідай у Емэне, Афганістане ды Пакістане. Пра разьвіцьцё гэтай тэхналёгіі з Вашынгтону перадае карэспандэнт Польскага радыё Марэк Валкускі.

Марэк Валкускі: Дронамі называюць беспілётныя апараты, якія выкарыстоўваюцца дзеля назіраньня, выведкі й удару па супэрніку. Першыя дроны пад назвай “лятаючыя бомбы” выкарыстоўваліся яшчэ падчас І Сусьветнай вайны. Падчас ІІ Сусьветнай вайны амэрыканцы мелі беспілётныя самалёты Б-24. Потым працы над дронамі запаволіла разьвіцьцё ракетнай тэхналёгіі. Зноў іх пачалі выкарыстоўваць падчас вайны ў Віетнаме для выведкі. Разьвіцьцё тэхналёгіі ў 1980-90-ыя гады дазволіла стварыць сучасныя беспілётнікі. Першыя дроны, славутыя “Прэдатары”, выкарыстоўваліся ў палове 1990-ых падчас вайны на Балканах. У 2000-ых іх узброілі ракетамі й яны палявалі на Бэн-Ладэна.

Апошнім часам шырыцца крытыка выкарыстаньня гэтых апаратаў менавіта ў вайсковых мэтах. Маўляў, гэта пазасудовая расправа, не заўсёды апраўданая. Прыхільнікі дронаў кажуць, што яны дазволяць выйграць вайну з тэрорам. Ці сапраўды? На гэтае пытаньне Польскаму Радыё адказваў генэрал Станіслаў Козей з Бюро нацыянальнай бясьпекі Польшчы.

Станіслаў Козей: Канец вайны з тэрарызмам не залежыць ад тэхнічных сродкаў барацьбы. Гэта нашмат шырэйшая праблема. Дроны зьяўляюцца вынікам выкарыстаньня ў войску здабыткаў інфармацыйнай рэвалюцыі. Гэта натуральны шлях эвалюцыі зброі. Апроч дронаў, гэта й ракеты, і высокадакладныя снарады, і г.д. Усё гэта зьмяняе спосабы вядзеньня бою. У дадатак, сёньня зьнікае мяжа паміж вайной і мірам, дыпляматыяй і вайсковымі дзеяньнямі, паміж разьведкай і назіраньнем ды нападам. Гэта асноўная праблема. Прыклад - сытуацыя ў Пакістане. Гэта не віна зброі ды тэхналёгіі, а формы выкарыстаньня гэтай зброі.

Экспэрт перакананы, што беспілётнікі даказалі сваю эфэктыўнасьць, а іх выкарыстаньне будзе толькі пашырацца. Пашырацца будзе й кола краін, якія маюць гэтую тэхналёгію.

Нядаўна беларускія ўлады абвясьцілі, што яны таксама зьбіраюцца далучыцца да клюбу краін, якія прадукуюць беспілётнікі. Ці гэта рэальна, і якія іх магчымасьці выкарыстаньня, пра гэта мы запыталіся ў вайсковага аглядальніка газэты “Беларусы й рынак” Аляксандра Алесіна.

Аляксандар Алесін: Ужо некалькі гадоў вядзецца распрацоўка ў Беларусі уласных варыянтаў беспілётных самалётаў. Ня менш за 5 гадоў. Гэта й Акадэмія навук, і Вайсковая акадэмія, і заводы: авіяцыйна-рамонтны ў Баранавічах і грамадзянскай авіяцыі ў Менску. Яны ўжо гатовыя да сэрыйнай вытворчасьці й вырабляюцца пакуль малымі сэрыямі. Яны могуць выконваць функцыю выведкі, карэкціроўкі, буксіроўкі мішэняў. Гэта дастаткова прасунутыя мадэлі. Вядома, што Куба імі зацікавілася. Беларускі бок плянуе наладзіць там вытворчасьць па ліцэнзіі. Таксама кажуць, што Вэнэсуэла праяўляе да гэтага інтарэс, як да выведкавага самалёта.

Беспілётнікі стануць неўзабаве стандартнай зброяй у арміях сьвету, але чалавека яны не заменяць, перакананы беларускі экспэрт.

Аляксандар Алесін: Яны зоймуць сваю нішу. Напрыклад, для вядзеньня выведкі яны зусім незамянімыя, асабліва ў тактычным ланцугу. У стратэгічным ланцугу гэтую функцыю выконваюць спадарожнікі ды выведкавыя самалёты. У тактычным ланцугу – гэта будуць беспілётнікі сярэдняга радыюса на 50-100 км, а кожная рота-узвод атрымае пераносны беспілётнік, які дазволіць адсочваць сытуацыю ў адлегласьці 3-5 кілямэтраў. Яны стануць звычайнай зброяй жаўнераў. Але тонкі аналіз ды хуткая рэакцыя ўласьціва толькі чалавеку. Ён жа будзе ацэньваць гэтыя дадзеныя ды выпрацоўваць баявыя рашэньні.

Беспілётнікі яшчэ 20 гадоў таму былі рэдкасьцю. Сёньня гэта стандарт узбраеньня для любой сучаснай арміі. Іх распрацоўку вядуць і беларускія спэцыялісты. Пры гэтым амэрыканскае войска, лідэр па выкарыстаньні дронаў, моцна крытыкуецца грамадзкасьцю за неправавы характар прымяненьня гэтай зброі. Як звычайна, праблема не ў зброі, а ў спосабах яе выкарыстаньня.

Падрыхтаваў Юры Ліхтаровіч

У Злучаных Штатах разгарэлася спрэчка пра пагрозы выкарыстаньня сучаснай высокатэхналягічнай зброі.
Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт