Выбірай: армія, турма ці псыхушка!
PR dla Zagranicy
Jolanta Śmiałowska
18.04.2013 15:32
Пра тое, як пачалася яго музычная творчасьць і як ён апынуўся ў сьпісе невыязных зь Беларусі пасьля таго, як выступіў у фільме „Жыве Беларусь!”.
Фота: generation.by
Героем артыкула зьяўляецца беларускі рапэр Вінсэнт (Дзьмітры Папко), які выступіў у ролі Мірона ў польскім фільме „Жыве Беларусь!”. Учорашні паказ гэтай кінапрадукцыі ў Варшаве атрымаў вялікі розгалас у польскіх СМІ.
Вінсэнт расказвае часопісу „Duży Format”, як ён сам адкрываў для сябе незалежную Беларусь, яе гісторыю, нацыянальных герояў, бел-чырвона-белы сьцяг. Пра тое, як пачалася яго музычная творчасьць і як ён апынуўся ў сьпісе невыязных зь Беларусі пасьля таго, як выступіў у фільме „Жыве Беларусь!”.
„У студзені я вярнуўся ў Менск пасьля апошніх дзён на здымачнай пляцоўцы. Раптам да мяне пачала прыходзіць інфармацыя, што спэцслужбы пра мяне пытаюць. Мяне гэта зьдзівіла, бо ж я даўно граў антырэжымную музыку й ніхто не чапляўся. Выклікалі мяне ва ўчастак. Міліцыянт атрымаў нібыта паведамленьне, што я бандыт і займаюся нелегальнымі інтэрэсамі, што ў мяне сем машын і лысыя падазроныя знаёмыя.
(…)
Я не хацеў падпісаць ніякага дакумэнту, які мне падсоўвалі. Спакойным голасам я ўпарта казаў, што падпішу толькі тое, што сам сказаў. А ён (міліцыянт – Рэд.) пастаянна нешта дапісваў. (…) Ён роў, што буду чакаць на калідоры, пакуль не паразумнею. Але адпусьціў.
(…) Чарговы мой прыпынак быў у ваенным камісарыяце ў Івацэвічах, - расказвае Вінсэнт. Мужык не назваў сябе, ставіў дзіўныя пытаньні: ”Будзеш разумны, ня будзеш выходзіць з дурнымі ідэямі як іншыя?” Сьмешна злаваўся, калі я адказваў: „Пабачым, пабачым...” Альбо ён ведаў пра кінафільм „Жыве Беларусь!”, альбо армія добра памятае пра Франака Вячорку, які ў арміі змагаўся за права карыстацца беларускай мовай. Мне не стала сьмешна, калі ён крыкнуў: «У цябе просты выбар: армія, турма альбо псыхушка”.
Вінсэнт некалькі дзён да прызыву ў армію зьбег у Польшчу.
„Пасьля гэтага пачалося сьледзтва. Усе, хто меў няшчасьце сутыкнуцца са мной, атрымалі ад КДБ – дактары, міліцыянты й вайсковая камісія”, - расказаў сваю гісторыю часопісу „DF” беларускі рапэр Вінсэнт (Дзьмітры Папко).
яс/Duży Format