Logo Polskiego Radia
Print

Пашырым беларускую Вікіпэдыю!

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 24.04.2013 10:23
У Празе адбылася акцыя па напісаньні артыкулаў у сусьветную віртуальную энцыкляпэдыю.
pixabay.com/CC0 Public Domain
/

Беларусы замежжа імкнуцца да пашырэньня беларускай Вікіпэдыі. У Празе (Чэхія) адбылася акцыя па напісаньні артыкулаў у сусьветную віртуальную энцыкляпэдыю. Ініцыятары вырашылі запрасіць усіх жадаючых пісаць артыкулы ў Вікіпэдыю. Супольная праца, калі можна сесьці разам да кампутара й вырашаць праблемы, гэта намнога больш эфэктыўна, чым пачынаць усё самастойна, шляхам спробаў і памылак.

У сярэдзіне лютага адбыўся дзень беларускай Вікіпэдыі ў Варшаве. Яго зладзіла арганізацыя "Беларуская нацыянальная памяць". Пачуўшы пра гэта, беларусы Прагі вырашылі далучыцца да акцыі. Варта ладзіць як мага больш такіх мерапрыемстваў, паколькі беларуская вольная энцыкляпэдыя разьвіваецца даволі павольна ў параўнаньні зь Вікіпэдыяй польскай ці расейскай, - адзначае сябра грамадзкага аб’яднаньня “Пагоня” Віталь Цімошчанка.

В. Цімошчанка: Яна разьвіваецца вельмі марудна. Мы пачулі, што людзі ў Варшаве ладзяць такую акцыю беларускай Вікіпэдыі й вырашылі таксама гэта зрабіць. Гэта вельмі важнае пытаньне, зварот да беларускай мовы й рэкляма ўсяго нашага.

"Беларуская нацыянальная памяць" першую акцыю па пашырэньні беларускай Вікіпэдыі правяла ў лютым у Варшаве. Старшыня арганізацыі Анатоль Міхнавец заахвочвае ўсіх беларусаў прымаць удзел у напісаньні артыкулаў.

А. Міхнавец: Дастаткова сесьці каля кампутара, паглядзець, як робіцца артыкул, і пісаць. Мы прапануем толькі тэхнічную дапамогу, бо ёсьць добрыя спэцыялісты, як напрыклад, Томаш Бладынец, які можа параіць, як гэта зрабіць прафэсійна. Вікіпэдыя – гэта ня сьметніца, там ёсьць адміністратары, якія сочаць, ці артыкулы адпаведна аформлены, даюцца спасылкі. Мы плянуем працягваць гэтую ініцыятыву ў іншых гарадах, каб мы напаўнялі сусьветнае сеціва інфармацыяй па-беларуску.

Томаш Бладынец напісаў звыш тысячы артыкулаў пра Беларусь у польскую Вікіпэдыю, спрабуе таксама пісаць тэксты на беларускай мове, але не адчувае сябе яшчэ дастаткова моцным у гэтай мове. Ён адзначае, што ня трэба баяцца пісаць артыкулы, паколькі заўсёды можна вярнуцца да папярэдняй вэрсіі й нешта зьмяніць.

Т. Бладынец: Перш за ўсё ня трэба баяцца, што мы нешта сапсуем, таму што ў Вікіпэдыі вельмі лёгка вярнуцца да ранейшай вэрсіі. Можна быць сьмелым, экспэрымэнтаваць, гуляцца. Спачатку зрабіць нешта прасьцейшае, а пазьней знаёміцца з тэхнікамі напісаньня. Ёсьць толькі некалькі кодавых знакаў, якія можна вывучыць за адзін дзень.

Ці хтосьці сочыць за напісаньнем артыкулаў у Вікіпэдыі, каб яны былі праўдзівыя?

Т. Бладынец: Сапраўднасьць правяраюць іншыя вікіпэдысты. Няма вышэйшых назіральнікаў, якія сочаць за зьместам. Таму вельмі важна, што, калі пішам артыкулы, трэба спасылацца на зьнешнія крыніцы, якія можна праверыць. Мы ня дзелімся сваімі асабістымі дасьледваньнямі, а перадаем інфармацыю, якая ўжо ёсьць у іншых крыніцах – у кнігах, часопісах, інтэрнэт-сайтах і гэтак далей.

На сёньняшні дзень беларуская Вікіпэдыя налічвае прыкладна 55 тыс. артыкулаў на тарашкевіцы й прыблізна столькі ж, напісаных наркамаўкай – афіцыйным правапісам. Дзеля параўнаньня, у польскай вэрсіі Вікіпэдыі ёсьць каля аднаго мільёна артыкулаў. У выніку такога падзелу – на дзьве моўныя вэрсіі – шмат працы дублюецца. Таму некаторыя беларускія актывісты выступаюць за аб’яднаньне дзьвюх моўных вэрсій. Праблема, аднак, заключаецца ў тым, які правапіс выбраць. Пакуль што гэтая праблема нявырашана. Але правапіс – гэта ня так ужо й важна, калі стаіць пытаньне ўвогуле захаваньня мовы, - адзначае Цімошчанка.

В. Цімошчанка: Мы на гэта зьвярнулі ўвагу, паявілася пытаньне, на якой мове пісаць. Канцэптуальна не было праблем, каб пісаць і на адной, і на другой, але па жаданьні нашага кіраўніка мы вырашылі пісаць на тарашкевіцы. Але неістотна, на якой мове пішацца. Для нас ключавое пытаньне, каб увогуле захаваць родную мову. У нас нават паўстала ініцыятыва паўплываць на кіраўніцтва Вікіпэдыі й спрабаваць усё аб’яднаць.

Ідэя добрая, толькі трэба было б прыняць адну моўную вэрсію, пытаньне – якую? Праблема павінна быць вырашана на ўзроўні беларускай дзяржавы, каб яна перайшла поўнасьцю на беларускую мову й прыняла адзін правапіс, а гэта пакуль што не прадбачваецца.

нг

/
/
/

/

здымкі з сайта http://pahonia.cz/infa/naviny/dzen-belaruskay-vikipedyi

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт